Хто зварушыў нямеючыя хвалі Па-за плятнямі пройдзеных шляхоў, Хто высек песьнямі сталёвыя скрыжалі На шэрай стыні жвірыстых гадоў?!..
Ў жыцьцёвай цемені хто зорнымі страфамі Закаласіў так стынучую тлень; Сьлязамі Бацькаўшчыны, Горкімі сьлязамі, Хто перасыпаў золата паэм?!..
Хто над шляхамі ў сонечнае раньне (Дзе шапаціць бярозавы абрус) Аддаў душу за вечнае змаганьне, Расьпяў душу за маці-Беларусь?!..
Хто над вякамі кладкі перакінуў I сонцакрылыя паставіў маякі, Таму пляце, Пляце яго краіна Зь пялёстак шчырасьці ружовыя вянкі.
***
Усё так і было. Аддалі душы і жыцці, толькі не сонечным ранкам, а цёмнай ноччу. І мы не можам ушанаваць іх памяць там, дзе яны пахаваныя. Крыжы над імі ламаюць і апаганьваюць. Памяць пра іх хочуць сцерці.
Але няхай іх вершы гучаць, няхай вершы жывуць, няхай маладыя чытаюць і спяваюць і пішуць новыя вершы. Памяць – гэта не толькі наш цяжар. Гэта наша спадчына. Будзем жа вартымі яе.