15 красавіка 1943 года, на Вялікдзень, савецкімі партызанамі пад кіраўніцтвам НКУС была спаленая вёска Дражна. У мясцовай школе знаходзілася база паліцэйскага гарнізона. Разам з гарнізонам чырвоныя “вызваліцелі” знішчылі і саму вёску разам з жыхарамі.
Ці быў гэта адзіны выпадак, калі карнікі насілі чырвоныя зорачкі? Вядома ж, не.
8 мая 1943 г пад выглядам барацьбы з Арміяй Краёвай савецкія партызаны забілі 128 чалавек у вёсцы Налібакі і спалілі касцёл.
23 лютага 1945 г, на дзень савецкай арміі, вайскоўцы НКУС акружылі вёску Лаўжы, дзе таксама хаваліся байцы АК. Спалілі ўсіх: і польскіх партызан, і сялян, і мінакоў, якія выпадкова апынуліся на дарозе. На мемарыяльным знаку, што зараз нагадвае пра Лаўжы, напісана: “Жыхарам вёскі Лаўжы, загінуўшым падчас баявых дзеянняў 23 лютага 1945 года”. Баявыя дзеянні, як цудоўна.
А былі яшчэ Конюхі, Лугамавічы, Ізабелін, Качанава, Бабінск, Праўжалы, Шчэпкi, Неванянцы, Камень, Якімавічы, Кула, Кульчыцы. Бог ведае, колькі іх было.
Пракурор швед, як справы, што там па генацыду беларускага народа? Колькі нацыстаў выкапалі з магіл? Нацысты нацыстамі, але мо ў іншым напрамку таксама пашукаць трэба? Што ні дзень у гісторыі, то гадавіна нейкага жахлівага злачынства чырвоных карнікаў, але ім пацукі ставяць помнікі, лепяць іх пысы ў падручнікі “гісторыі”, сарамліва хаваюць іх “подзвігі” пад словамі “баявыя дзеянні”.
Саветам даравалі ўсё, перагарнулі старонку. Назвы спаленых вёсак згубіліся ў архівах, якія нашчадкі забойц не спяшаюцца адкрыць. І цяпер маем што маем: новую вайну, новыя рэпрэсіі і дзвух старых дыктатараў, пагражаючых чалавецтву.
Дык вось. Некаторыя старонкі нельга перагарнуць, пакуль іх не зачытаюць падчас трыбунала, пакуль людзі не вывучаць іх на памяць. Беларусы ўжо зрабілі гэтыя простыя высновы. А мы спадзяемся, што хутка зробіць і ўвесь свет. Толькі асуджэнне злачынных рэжымаў, толькі справядлівы адкрыты суд над забойцамі выратуюць ад паўтарэння самых крывавых старонак гісторыі.
Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!