Прыстойнаму чалавеку нават у горад немагчыма было выйсці, бо горад стаў увесь чырвона-зялёны, а ад рускай папсы можна было аглухнуць. Гулялі брсмаўцы, цёткі з начосамі і мянты. На шчасце, іх было не шмат. Нажаль, яны былі.
Што ж яны святкавалі? Дзень незалежнасці ад каго? Ад народа? Ад адэкватнасці?
Не, святкавалі яны дзень залежнасці. Залежнасці ад пуціна. Ад акупантаў. І ім нават падаецца, што залежнасць – гэта нармальна, і вайна – не страшна, і ядзерная зброя – крута, і іншаземныя гопнікі-найміты – найлепшыя сябры, і можна не думаць пра кроў, злачынствы, палонных.
Але панядзелак скончыўся. Назаўтра сцяжкі апынуцца ў сметніцах, а сумныя ябацькі пойдуць на працу.
І як скончылася ўвечары чырвона-зялёная вакханалія ў цэнтры Мінска, так скончыцца аднойчы яна ў маштабах краіны. Увесь гэты фальшывы, танны, недарэчны, варты жалю фанерны макет для БТ рассыплецца ў парахню і смецце. Знікне ўсё страшнае і агіднае, што яго трымала. Беларусы зноў здабудуць незалежнасць, гэтым разам – ад нашчадкаў тых самых маскавітаў, што перанялі гістарычны вопыт тых самых нацыстаў. І ад лукі, вядома ж!
Застанецца толькі сапраўднае, прыгожае, жывое, як трава і кветкі ўвесну прабіваюць пакладзены абы-як асфальт.
Мы абавязкова адсвяткуем наш Дзень незалежнасці разам, сябры.
Беларусь будзе вольнай!
Жыве Беларусь!