​​Алесь Пушкін памёр у зняволенні. Да што гэта за слова такое, “памёр”. Гэтым словам дыпламатычна ка…

​​Алесь Пушкін памёр у зняволенні. Да што гэта за слова такое, “памёр”. Гэтым словам дыпламатычна карыстаюцца тыя, хто патрабуе пачаць з рэжымам гандаль палітвязнямі.

Не памёр, а быў забіты.

Чалавек вялікай сілы волі, смеласці, аптымізму і таленту. Чалавек, які сядзеў на Акрэсціна за пазіцыю яшчэ тады, калі пра Акрэсціна ведалі толькі праваабаронцы. Чалавек, які прынцыпова вярнуўся на Радзіму, разумеючы, што  яго чакае арышт. Чалавек, які пужаў вертухаяў словамі “я цябе намалюю!” Чалавек, вядомы сваімі яскравымі правкацыйнымі пярфомансамі. Муж і бацька. Вернік. Мастак. Ён жыў мастацтвам, быў арыштаваны за мастацтва, ствараў мастацтва да апошняга дня, у зняволенні, у невыносных умовах. Пакуль не быў забіты. За мастацтва.

“Чалавека можна знішчыць, але яго нельга перамагчы” – памятаеце такое са школы? Знішчылі. Не перамаглі. Алесь Пушкін пакінуў гэты свет няскораным, непераможаным.

І зараз людзі нясуць кветкі і свечы да амбасадаў Беларусі ў розных кутках свету. А вось Алесь не панёс бы ні кветак, ні свечак. Ён бы прыцягнуў да амбасады тачку з гноем. Гной як сімвал гэтага рэжыму, які зараз смуродзіць, але потым згніе. І тады па-над яго парэшткамі вырасце нешта жывое.

Жывое, як карціны. Спачатку палотны ў рамках і роспісы на царкоўных сценах, потым – малюнкі алоўкам на пацёртых аркушах, што вырваліся на волю з турэмнымі лістамі. Новых не будзе ўжо ніколі. Але тыя, што аднойчы нарадзіліся, – яны застануцца ў вечнасці. Там і смутак, і надзея, і размовы з Богам, і выпадковыя людзі, і вясёлыя святы, і краявіды Радзімы, закатаванай і зняволенай сёння.

Але прыйдзе дзень і час, і мы ўбачым яе вольнай і ўзгадаем усіх, хто аддаў жыцці за яе свабоду.

Бывай, Мастак. Вечная памяць.
Жыве Беларусь!