​​500 дзён – гэта шмат ці не? Для гісторыі, для краіны? Памятаеце, была ў падручніках такая стогадов…

​​500 дзён – гэта шмат ці не? Для гісторыі, для краіны? Памятаеце, была ў падручніках такая стогадовая вайна? Сто гадоў вайны, нават уявіць немагчыма. А самая кароткая вайна скончылася за 38 хвілін (але забрала шмат жыццяў).

А 500 дзён для чалавека? Шмат ці не? Вось немаўля толькі нарадзілася. Праз 500 дзён будзе вымаўляць нават не словы, а фразы. А можа, і не будзе. Некаторыя дзеці ўжо ніколі не пачнуць размаўляць. Некаторыя дзеці ніколі не народзяцца. Некаторыя дзеці ніколі не ўбачаць зноў сваіх бацькоў. Некаторыя дзеці сталі дзецьмі герояў. Некаторыя дзеці сталі дзецьмі забойц.

Кожны дзень вайна нішчыць, ламае, разбурае, забівае. Пачвара з мінулага, на музейных танках, з іржавай ядзернай зброяй, з імперскімі марамі, з сярпом і з молатам, з іконамі, з пуціным, са сталіным, і з гітлерам (куды ж без яго) імкнецца зжэрці будучыню мільёнаў дзяцей. Пачала з украінскіх, але ёй патрэбныя ўсе дзеці ў свеце, і нават уласныя дзеці.

І тысячы звычайных людзей, бацькоў, сталі ваярамі, і кожны дзень робяць усё магчымае і немагчымае, каб спыніць рашысцкую пачвару. Яны б’юцца не за тэрыторыі. Яны б’юцца за будучыню. 500 бясконцых дзён. І да перамогі. Так няхай яна прыйдзе хутчэй.

Слава Україні!