Тры гады таму мы пачалі бачыць. За ўзорам з чыстых вуліц, аднолькавых навін і допісаў у сацсетках мы ўбачылі тое сапраўднае, што было схавана.
Мы ўбачылі нашу краіну. У ёй няма ні мора, ні высокіх гор, ні нейкіх там прыродных катаклізмаў, і яна не тое, што “клочок земли” і не тое, што вельмі вялікая. І жыць у ёй не тое, што дрэнна, і не тое, што вельмі добра. Мы быццам не заўважалі яе – проста жылі побач. І раптам убачылі. Прыгожую. Сумную. Родную.
Мы ўбачылі месцы, якія раней здаваліся звычайнымі і нецікавымі. Убачылі ў тысячах вар’яцкіх дэталяў. Спачатку таму, што гэтыя месцы сталі часткай падзей, якіх не бывае ў звычайным жыцці. Потым – таму, што хочацца запомніць і захаваць у сэрцы кожную дробязь, бо не ведаеш, дзе апынешся заўтра.
Мы ўбачылі ворагаў. Убачылі, што яны ёсць. Яны тупыя, хлуслівыя, баязлівыя, надзвычай жорсткія і надзвычай абсурдныя, і іх абсурднасць робіць іх яшчэ больш агіднымі.
І мы ўбачылі сябе. Прыгожых, яскравых, разгубленых і ашалелых ад магчымасці бачыць. Яшчэ не герояў, героі з’явяцца пазней. Звычайных людзей, з агульным болем і агульнай марай.
Але “звычайны” – ці пасуе гэта слова чалавеку, які спазнаў выпрабаванні, і боль, і страты, і радасць адзінства, і сапраўднае сяброўства? Не, бо ніводны чалавек не застанецца звычайным, калі ты глядзіш на яго і бачыш.
Мы бачым нас, сябры. Бачым адзін аднаго. Ідзем шляхам, які разам абралі, робім тое, што не можам не рабіць. І нельга спыніцца, як нельга перастаць бачыць, заплюшчыць вочы і забыць. З таго лета – і назаўжды.
Са святам, сябры.
Жыве Беларусь!