Вязні ў турмах даўно працуюць на хунту за капейкі (літаральна). Медыкі трапляюць у кабалу абавязковай ардынатуры і абавязковай пяцігадовай яе адпрацоўкі. Супрацоўнікі калгасаў не могуць звольніцца без дазволу дырэктара (дзякуй Богу, пашпарты не адбіраюць пакуль). Футбалісты, што дрэнна штурхалі мяч, будуць цягаць камяні з палёў. Дарэчы, “мабілізаваць” на палі лука заклікае нават школьнікаў. Краіна для жыцця!
Вось і на шклозаводзе “Нёман” пачаўся планавы пераход да рабаўладальніцкага ладу. Людзі вымушаны працаваць за смешныя грошы і ў невыносных умовах, без адпачынкаў. А калі хто абураецца – таго ў кайданкі акурат на працоўным месцы, і на суткі. За што – ды якая розніца, не да законаў.
Гэта будучыня, аб якой яны мараць для ўсёй Беларусі: няхай працуюць без перапынку і задарма і моўчкі, а побач ходзяць ідэолагі з кдб з чырвона-зялёнымі бізунамі. Ідэальна!
Вось толькі людзі, што пакаштавалі свабоды, рабамі не будуць. Не спрацуе нявольніцтва ў 21 стагоддзі. Медыкі бягуць хутчэй за айцішнікаў. У бітве за ўраджай год ад году ўраджай перамагае. Ад футбалістаў на калгасным полі карысці меней, чым на полі футбольным. А на заводах… Хто з’ехаў, хто за кратамі, а хто застаўся і сабатуе на месцах пацучыныя ініцыятывы. Не атрымліваецца ў былых кэдэбістаў кіраваць. Канцлагер яны пабудаваць могуць, а паспяховае прадпрыемства – не. І бізуны не дапамогуць.
У нас, сябры, таксама ёсць мары пра будучыню. Будучыню, дзе вольныя людзі працуюць у годных ўмовах і атрымліваюць годныя заробкі, і не важна, мужчына ты ці жанчына, рабочы ты ці айцішнік ці трактарыст. Дзе кіраўнік паважае супрацоўнікаў, а супрацоўнікі – кіраўніка. Дзе дырэктар прадпрыемства плануе не што і дзе скрасці, а што і дзе палепшыць у рабоце. Дзе замест купленых тэндараў – сапраўдная канкурэнцыя. Дзе навучальныя ўстановы займаюцца навучаннем спецыялістаў, а не прапагандай і фальсіфікацыяй выбараў. Дзе тэлебачанне не дэманструе кожны дзень кіраўніка дзяржавы то ў кароўніках, то ў полі. І ён ведае яшчэ мовы, акрамя трасянкі. І за яго не сорамна. А можа, гэта не ён, а яна?
Не забывайцеся, сябры: мы вольныя людзі, і вольнымі застанемся.
Беларусь будзе вольнай!
Жыве Беларусь!
P.S. І пацукам, як адкажуць за свае злачынствы, праца знойдзецца