КДБ працуе так, як і іх папярэднікі і натхняльнікі з НКУС: хапаюць выпадковых людзей і вымушаюць прызнавацца ў чым заўгодна. Вось толькі ў часы НКУС старонняму чалавеку цяжка было зразумець, што ахвяра насамрэч не вінаватая. А зараз гэта відавочна. Дык у чым сэнс? На каго тое “кіно” разлічана? Змагары – з гэтымі ўсё зразумела, нават тэлевізар не глядзяць. Ябацькаў усё менш, і неяк яны заняліся грызнёй паміж сабою. Замежнікі таксама глядзець не будуць, нават у расейскіх ватнікаў ёсць свая, больш якасная, прапаганда. Навошта?
Здаецца, КДБ імкнецца даказаць сваю “карыснасць” дзяржаве. Вось паглядзіце, мы працуем. Вы думалі, мы толькі каментары пра Зельцэра шукаем і пагражаем айцішнікам, што ў фонды данацілі? Не! Мы яшчэ і фільмы пра шпіёнаў здымаем. Губазікі вам такі фільм здымуць? Дзе там, яны толькі пакаяльныя відэа мантаваць навучыліся. А ў нас усё сур’ёзна!
Вось што хочацца сказаць гэтым “кінематаграфістам”. Іх куміры з НКУС, акрамя іншага, яшчэ і рэгулярна знаходзілі ворагаў ва ўласных шэрагах. І мы ведаем, што здаралася з гэтымі ворагамі потым. Дарэчы, закон пра смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і сілавікоў ужо прыняты, каб павялічыць гістарычнае падабенства. Канешне, некаторыя з “афіцэраў” НКУС дажылі да старасці, з медалямі і кветкамі ад школьнікаў. Але вам, таварышы пацукі, не будзе ані кветак, ані медалёў. Толькі справядлівы суд. Калі вашая дзяржава не перамеле вас раней.
Жыве Беларусь!