​​Пацукі судзяць першае і адзінае ў свеце музычнае экстрэмісцкае фарміраванне – гурт TOR BAND. Песні…

​​Пацукі судзяць першае і адзінае ў свеце музычнае экстрэмісцкае фарміраванне – гурт TOR BAND. Песні, ад якіх ворагам пячэ ўжо больш за тры гады, сталі адным з сімвалаў пратэсту: пратэсту перамен супраць застою, свабоды супраць дыктатуры, крэатыўнасці і таленту супраць шэрасці.

Але сёння хочацца сказаць не толькі пра TOR BAND. Вы памятаеце, колькі песень з’явілася падчас пратэстаў? А колькі ўвогуле мастацкіх твораў, самых розных, нарадзіў жнівень 2020 г? Нават сярод плакатаў на маршах трапляліся сапраўдныя шэдэўры. Творы, натхнёныя народным уздымам, разыходзіліся па сеціве і ўжо самі неслі натхненне людзям. Мастацтва – гэта вялікая сіла.

Пра сілу мастацтва ведалі і дыктатуры мінулага. Таму яны заўседы шукалі мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў, рэжысераў, што гатовыя былі праслаўляць пэўны рэжым (і лепш за ўсё шчыра праслаўляць, інакш будзе не тое). Цалкам лагічна.

І вось тут узнікае пытанне: а ці ёсць мастацтва на баку лукашыстаў? Ну такое, каб славіла лукашызм? Дзе карціна “Мудры прэзідэнт вячэрае з трактарыстамі”? Дзе прыгожы фільм пра беларускі хакей? Дзе песня… Не, песня ёсць, сумнавядомая “Любимую не отдают”, аднак складана аднесці яе да мастацтва.

Няма ў лукашыстаў мастацтва. Няма ў іх ні ідэалогіі, ні якаснай прапаганды. Лукашызм – гэта трыумф бяздарнасці і шэрасці, што імкнецца знішчыць усё таленавітае і жывое. Квітнеючы луг ператварыць у пустэчу. Дзяцей адзець у аднолькавую непрыгожую школьную форму. Не дазваляць канцэрты і імпрэзы – спачатку беларускамоўныя, потым усе. Тэатр. Кнігі. Усё пужае іх, усё нясе пагрозу. Яны не проста не маюць “свайго” мастацтва – яны ўвогуле не здольныя мастацтва ўспрымаць.

Яны думаюць, што гэта нейкая такая “змагарская” з’ява, маркер апазіцыянера. Не важна, каго ты слухаеш, Вольскага ці Вівальдзі, каго чытаеш, Арлова ці Стывена Кінга. Цябе цікавіць мастацтва, цябе робіць шчаслівым нешта акрамя ўлады і грошай – ты ўжо вораг.

Але мастацтва – не маркер апазіцыянера. Гэта маркер homo sapiens. Прага ствараць і асалода ад таго, што створана іншымі. Мы такія. Мы не быдло, стадо и трусы. Мы – людзі. І шэрым істотам не перамагчы людзей.

Дзякуй, TOR BAND. За песні. За натхненне. І за вашу смеласць. Сапраўднае мастацтва – гэта свабода. Вы дарылі і дорыце яе людзям, і аднойчы яна вернецца да вас.

Свабоду Яўгену Бурло, Дзмітрыю Галавачу, Андрэю Ярэмчыку!
Жыве Беларусь!