​​У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г у мінскай унутранай турме НКУС былі расстраляныя больш за 130 …

​​У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г у мінскай унутранай турме НКУС былі расстраляныя больш за 130 дзеячаў беларускай культуры і навукі. Чэкісты не панеслі ніякага пакарання за свае злачынствы, а турма ператварылася ў СІЗА КДБ, і там зноў трымаюць палітзняволеных. Гісторыя паказала: нельга так проста перагарнуць старонку, бо тады старонка гэтая будзе паўтарацца зноў і зноў.

Але напярэдадні сумнай гадавіны давайце проста ўзгадаем забітых людзей: маладых, таленавітых, свабодных, поўных сіл і надзей. Чалавек жыве, пакуль жыве памяць пра яго. Паэт жыве, пакуль жывуць яго вершы.

Кожны дзень на гэтым тыдні мы будзем публікаваць па аднаму вершу расстраляных паэтаў. Няхай іх радкі жывуць вечна.

****

І ў нязнанай цьмянай далі словаў новых мы шукалі,

Словаў новых мы шукалі і ня здолелі знайсьці,

А ў жытнёвым у прасторы рассыпалі песьні зоры,

Рассыпалі песьні зоры каля возера ў трысьці.

І ня думалі ніколі, што ў нашай моцы доля.

Што ў нашай моцы доля і ня вырвецца ад нас;

Не магло нам і прысьніцца – нашых думак калясьніца,

Нашых думак калясьніца – гэта сьвету апаяс.

Хто-ж казаў, што ў цьмянай далі словаў новых мы шукалі,

Словаў новых мы шукалі і не здолелі знайсьці?

Новы дзень не за гарамі. Наша доля будзе з намі,

Наша доля будзе з нам днямі новымі цьвісьці.

Алесь Дудар, 1925 г.

Вечная памяць!
Жыве Беларусь!