11.03.1903 – 30.10.1937 гг.
Успамін
Вячэрнія сцені апалі…
Над рэчкаю дрэмле сасна,
А там,
У бярозавых далях,
Блакіт асыпае вясна.
Я першую песню калісьці
Складаў а такой жа пары…
Шапталася соннае лісце
Ў вячэрніх агарках зары.
Дрыжалі зыбучыя хвалі,
Каціліся ў сінь туманоў…
Гуслярылі звонкія далі
На струнах лясных салаўёў…
Мінаюць і дні і нядзелі
(Мінулага зноў не сустрэць),
Агаркі зары дагарэлі,
А песні ў душы не згарэць…
Я першую песню калісьці
Чароўнай вясне падарыў,
Тады залацістае лісце
Цвіло ў пералівах зары.
Вячэрнія сцені апалі,
Над рэчкай драмала сасна.
А там,
У бярозавых далях,
Блакіт асыпала вясна.
1927 г.
Ведаеце, падручнікі беларускай літаратуры ў школе чамусьці пакідалі ўражанне, што паэт – гэта абавязкова сімвал эпохі, голас народа, барацьбіт (за нешта там). Але чытаеш вось такія радкі, пра прыроду, пра вясну, пра жыццё, бачыш, як звычайныя словы сплятаюцца ў чароўныя ўзоры… і разумееш, што людзі проста хацелі жыць, любіць, пісаць вершы. Цяжкія, змрочныя часы робяць творцаў сімваламі. Але, мо прыйдзе дзень, калі паэты будуць проста паэтамі, і не трэба будзе змагацца, ахвяраваць свабодай і паміраць за права застацца ў падручніках.
Вечная памяць!
Жыве Беларусь!