Ты помніш, помніш, безумоўна, І тую ноч, і той настрой, Што панаваў над намі роўна, – І над табой, і нада мной…
Драты дрыжалі пераборам, Аб нечым дзіўным месяц сніў, І рысы даўняга сабора Так чотка млелі ў вышыні.
Нячутна шамацела лісце, Саткалі зоры з срэбра ніць… У тую ноч мы пакляліся Жыць і любіць… Любіць і жыць.
І мы жылі… І мы любілі… І неслі прагу і любоў… Часы дзяціных сноў-ідылій Да нас не вернуцца ізноў…
Жыццё далей нас весці стане, Надорыць новых песень-дум, І мужнай сталасці жаданні На нас пячатку пакладуць.
А ўжо не вернецца з гадамі Ні тая ноч, ні той настрой, Што панаваў тады над намі – І над табой, і нада мной.
1929 г
Аўтар гэтага кранальнага верша быў забіты ў ноч на 30 кастрычніка 1937 г, а ўсе яго працы па загаду ГалоўЛіт БССР падлягалі канфіскацыі з бібліятэк і далейшаму спаленню. Але знішчыць творчую спадчыну значна цяжэй, чым знішчыць чалавека. Немагчыма.