Спявай мне, дзяўчынка, пра кветкі, пра гай, Пра лепшыя дні, пра вясну, Пра наша каханне, галубка, спявай – Пад ціхі твой спеў я засну.
Ці помніш спатканне, нясмелы пагляд… Нам зорка там з неба упала, Там месячык ясны ўзіраўся на сад, Ты думкі мае угадала.
І песню пачуў я, ты пела тады, А гукі нясліся далёка, Тэй песні вясенняй засталісь сляды, У сэрца запалі глыбока.
Гады праляцелі… Нібы неўзначай Мы разам спаткалі вясну… Дык зноў тую песню, дзяўчынка, спявай, – Пад ціхі твой спеў я засну…
1920 г.
Рамантычныя радкі пра каханне і смерць. Ці мог тады ўявіць малады паэт, што яго ўласная смерць будзе такой жорсткай і бессэнсоўнай…
Гаворачы пра расстраляных паэтаў, мы часцей узгадваем іх трагічны лёс. Але чалавек – гэта не яго смерць, а яго жыццё. Яго спадчына, яго вершы. А гэты верш гучыць як песня.