Палюбіў я асенняе ранне І красу зарунелых далін Мо затым, што у срэбным тумане Апавіты жальбою палі, – Палюбіў я асенняе ранне.
Ў гэтым ранні, халодным і сінім, Многа шчырасці й многа крыві. Чуеш, там, за шырокай далінай, Нехта кажа: – Валеры, жыві Ў гэтым ранні халодным і сінім.
Ціха сцелецца жоўтае лісце, І пяе аб мінулым трава, Што цяпер весялей, як калісьці, Песні шчасця і волі спяваць. Ціха сцелецца жоўтае лісце.
Знаю я, што ў палях непагодна, Недзе плача мінорна струна, Бо за гэтым акордам нягоды Будзе пець і смяяцца вясна… Знаю я, што ў палях непагодна.
Палюбіў я асенняе ранне, Бо ў ім многа раздум’я і слёз. Калі нехта ляжыць на кургане – Значыць, працы будзённай не знёс. Палюбіў я асенняе ранне.
1926 г.
Проста прыгожы і сумны верш. У ім душа беларускай восені і мары пра вясну.