Дзед пацярпеў ад чэкістаў, і зараз унук… Гісторыя паўтараецца. Ведаеце, узгадваецца класічны сюжэт з літаратуры і кіно: старажытнае зло прачынаецца раз у N гадоў і пачынае ну, напрыклад, есці людзей. Вось толькі наша старажытнае зло і не засынала ніколі, так, рабіла выгляд. Хавала сваю пачварную пысу пад рознымі маскамі, мяняла назвы. Дэградавала павольна, ператваралася ў карыкатурнае адлюстраванне самога сябе. Што засталося нязменным – дык гэта чорная нянавісць да ўсяго беларускага, адукаванага, прагрэсіўнага, жывога. І жаданне есці людзей, вядома ж.
Але заўсёды знаходзяцца тыя, хто супрацьстаіць злу. Аляксандр Манцэвіч ганарыцца дзедам. Унук Аляксандра Манцэвіча ганарыцца дзедам таксама, і ўсе мы ганарымся, бо ён – прыклад цвёрдасці і годнасці. У сваёй прамове спадар Аляксандр узгадвае ўнука, шкадуе, што не можа быць побач. І зараз мы павінны думаць пра ўсіх беларускіх дзяцей. Добра, калі яны ганарацца намі, але галоўнае, каб праз гады ім не прыйшлося змагацца з тым самым злом, што сёння катуе і кідае за краты іх бацькоў і дзядоў. Мы павінны не проста здабыць свабоду. Асэнсаваць нашу гісторыю, назваць злачынцаў мінулага злачынцамі, а сучасных злачынцаў судзіць – вось што мы павінны зрабіць, каб гэта старажытнае зло знікла назаўсёды і не вярнулася потым у новым абліччы да будучых пакаленняў.
Свабоду Аляксандру Манцэвічу!
Жыве Беларусь!