13 лістапада 1806 года нарадзілася Эмілія Плятэр – удзельніца і адзін з сімвалаў вызвольнага антырасійскага паўстання 1830-31 гг. Яна з’яўляецца прыкладам патрыятызму і гонару за нашых продкаў.
Калі Эмілія даведалася пра паўстанне ў Варшаве ў 1830 г., то адразу пачала аб’язджаць сваіх сваякоў навокал і збіраць атрад для падтрымкі паўстанцаў.
Ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага былі вельмі блізкімі для дзяўчыны.
Эмілія робіць красамоўныя выступы і пераконвае нават тых, хто першапачаткова выступаў супраць удзелу ў паўстанні і плаванаваў адсядзецца ў сваім маёнтку.
Толькі пасля выступу на плошчы каля касцёла ў Дусятах да яе далучаюцца 280 стралкоў, 60 коннікаў і некалькі сотняў касінераў. Паўстанцы пад кіраўніцтвам Эміліі захопліваюць усё большыя і большыя мястэчкі, і праз некаторы час войска Плятэр аб’ядноўваецца з польскім войскам на чале з генералам Хлапоўскім.
Эміліі прысвойваюць званне капітана і прапаноўваюць кіраўніцтва 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцаў.
Расійскіх войскаў становіцца ўсё больш і больш, і паўстанцы пачынаюць цярпець паразы.
Ваенны савет прымае рашэнне падзяліць армію на тры часткі і рухацца ў розных накірунках. Калі Эмілія дазнаецца, што яе часта войска павінна рухацца ў бок Прусі,і то адмаўляецца падпарадкоўвацца, і яе словы “Лепей загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!” становяцца цытатай гісторыі. Яна сыходзіць з войска Хлапоўскага і накіроўваецца са сваім атрадам у бок Варшавы, каб падтрымаць паўстанцаў, але ўсе планы Эміліі спыняе хвароба…
Яе сябры даюць ёй прытулак у маёнтку Абламовічаў (сучасны Вайнежэрыс, Літва). Зветскі аб падаўленні паўстання ў Варшаве канчаткова дабіваюць і так хворую дзяўчыну і 23 кастрычніка 1831 года Эмілія памірае.
Адам Міцкевіч, уражаны ўзнёслымі марамі і подзвігамі Эміліі, піша свой твор “Смерць палкоўніка”, і імя Эміліі Плятэр становіцца сімвалам нязгаснага духу на прасторах былой Рэчы Паспалітай. У Польшчы ды сучаснай Літве вобраз Эміліі прысутнічае на нацыянальнай валюце. Акрамя таго, у Варшаве ў гонар паўстанкі названа адна з плошчаў, а ў Літве ёй пастаўлены помнікі і яе імя носіць адзін з відаў кветкі клемаціс.
У Беларусі дагэтуль няма ні помніка, ні мемарыяльнага знака, які б ушаноўваў нашу выдатную суайчынніцу.