Немагчыма дыхаць. Немагчыма думаць аб гэтым. І немагчыма не думаць. Пра яго апошнія гадзіны, пра родных, якія лічылі дні і месяцы і загадвалі на новы год хутчэй убачыцца. Немагчыма.
Немагчыма не ненавідзець. Вось шэры сіпаты стары, што хварэе і трасецца, а ўсё не здохне. А вось тлусты лыч “суддзі”. І недзе там – “пракурор”, “міліцыянты”, “ахоўнікі”. Цэнзар адпраўляе на сметніцу лісты. Турэмны “доктар”. Яны забілі Вадзіма разам.
Але іх больш. Яны сядзяць на пасадах, яны падпісваюць пратаколы выбарчых камісій. Яны здымаюць, манціруюць і ставяць у эфір праграмы на тэлебачанні. Яны ходзяць на імпрэзы з актывістамі і потым дасылаюць справаздачы ў КДБ.
Мы на вайне, і хочацца назваць іх добрым абстрактным словам “вораг” і ненавідзець “ворага”. Але вораг – гэта тысячы істот, кожная істота з уласным профілем у “аднакласніках” і ўласным спісам злачынстваў. І часам мы ведаем пра іх больш, чым пра ахвяр. Вось як зараз.
Немагчыма ненавідзець кожнага. Немагчыма не ненавідзець.
Нянавісць – гэта дрэнна, няправільна і не пасуе беларусам-коцікам? Але куды ад яе схавацца, калі людзей забіваюць за салідарнасць, за бел-чырвона-белыя стужкі, за тое, што стаяў “целенаправленно и нагло”?
Немагчыма не думаць пра пакаранне. Хіба існуе такое, што было б дастатковым? Не нейкім там гуманным і этычным, а дастатковым? Смерць? Бясконцае Акрэсціна з хлоркай і без матрацаў?
Але, самым страшным для “ворага” будзе не смерць і не несвабода. Садраць з іх пагоны, пасады, кватэры, грошы – абавязкова, але не галоўнае. Галоўнае – пазбавіць іх улады. Усіх – ад старога з сінімі пальцамі да ахоўніка, які можа выклікаць (ці не выклікаць) “хуткую” паміраючаму чалавеку. Апасля пагонаў і грошай садраць з іх уладу – і нічога не застанецца. Нават калі іх турэмныя тэрміны скончацца.
“Не забудзем, не даруем” – гэта не пра вечны боль. Гэта пра справядлівасць, якая аднойчы надыходзіць.
Немагчыма дыхаць, сябры. Але мы павінны жыць і ісці наперад. Каб здзейсніць не помсту, але справядлівасць, якая пачварам страшнейшая за помсту.
Каб Беларусь дыхала зноў. І мы таксама.
Вечная памяць Вадзіму Храсько!
Жыве Беларусь!