​​У кожнага беларуса ёсць свае страхі. Страшна пачуць а шостай гадзіне раніцы грукат у дзверы, не ра…

​​У кожнага беларуса ёсць свае страхі.

Страшна пачуць а шостай гадзіне раніцы грукат у дзверы, не разумеючы, сон гэта ці не.

Страшна знайсці знаёмае імя ў спісах затрыманых, ці спісах палітвязняў. Ці ў спісах забітых.

Страшна ўбачыць аднойчы чырвона-зялёную “капусту” на аватарцы канала, які чытаеш.

Страшна, што статус сябра з “быў нядаўна” зменіцца на “быў на гэтым тыдні”, а далей на “быў у гэтым месяцы”. Страшна потым атрымаць ад яго спасылку на відэа з коцікамі, бо ты ведаеш, што там, па спасылцы, насамрэч.

А вось што яшчэ страшна. Страшна аднойчы прачытаць навіны і не адчуць нічога. Страшна, што застанецца толькі ўласны страх і ўласны боль – за сябе, за родных, за сяброў. А на большае твайго сэрца ўжо не хопіць.

Гэта апошняе – страшна, але і нармальна. Так працуе псіхіка, каб выжыць і захаваць сябе. Чалавек можа часова згубіць магчымасць плакаць і гараваць. Але шмат, шмат чаго застанецца.

Добрая памяць, напрыклад. Не, запомніць імёны забітых не складана. Вітольд. Мікалай. Алесь. Вадзім. Ігар. Але мы павінны памятаць “суддзяў”. Максім Філатаў. Андрэй Бычыла. Алена Шылько, Аляксандр Кірыловіч. Сяргей Хрыпач. Таццяна Шоцік. Ужо складана, так? Не вельмі хочацца памятаць смецце, якое ўсё адно знікне з гісторыі. Але трэба. Да пэўнага часу, пакуль яны не панясуць адказнасць. А “пракуроры”? Мянты? “Сведкі” на “судзе”? Ахоўнікі? Турэмныя “медыкі”? Ніхто не ведае імёны ахоўнікаў і медыкаў, значыцца, трэба памятаць месцы. Шклоўская калонія, віцебская калонія, бабруйская калонія, гродзенская турма. Месцы маюць архівы, а ў архіваў таксама добрая памяць.

А што акрамя памяці нам трэба? Цвярозы розум, а ён будзе цвярозым без слёз, бо слёзы ап’яняюць. Ён спатрэбіцца нам, калі ўсе, каго мы ўзгадаем, пачнуць енчыць: пра загад, пра простаработу, пра дзетак і бабуль у закладніках. І прыйдзе час не “паверыць ці не паверыць”, а праверыць. Бо правасуддзе – гэта пытанне не веры, а фактаў.

І вядома ж, нам спатрэбіцца рашучасць. Кажуць, што нам яе бракуе. Але прыйдзе час, і мы зразумеем: яе ў нас дастаткова.

Ігар Леднік – пяты беларускі палітвязень, забіты за кратамі. Яго ўзгадваюць як смелага і сумленнага чалавека, які, нягледзячы на цяжкую хваробу, годна трымаўся да апошняга.

Вечная памяць Ігару Ледніку!
І не забывемся пра забойцаў. Яны ўсе – ад пакуль безыменнага ахоўніка да гаспадара ўсіх ахоўнікаў, мянтоў і суддзяў – адкажуць.

Жыве Беларусь!