“Дык тое ж пратэснае мастацтва,” – скажуць нам ябацькі.
Але давайце ўзгадаем. Месяц таму ў Мінску скасавалі (чытай, забаранілі) ажно дзве выставы: адна была прысвечана стагоддзю са дня нараджэння Васіля Быкава, другая – “Чорнаму квадрату” Малевіча. І калі Быкаў на паперы паважаны класік, а ў пацучыных галовах – экстрэміст, то з Малевічам што? Ён нават не беларус, і квадраты яго, здаецца, усе дазволеных колераў былі.
Але справа не ў колерах і не ў пратэснасці, і нават не ў мове. Лукашысты ўвогуле не прызнаюць мастацтва. Ніякае. Пры дыктатуры не можа быць мастацтва, акрамя таго, што славіць дыктатуру. Памятаеце, як Ганне Крук далі суткі за карціну, на якой мянты заўважылі бчб-сцяг? Вось толькі сцяга на карціне не было. А трэба, каб быў. Чырвона-зялёны. Мала ўсё пратэснае забараніць. Трэба дазволіць толькі праўладнае.
Бо нейтральнага мастацтва і не існуе. Мастацтва – гэта думкі і пачуцці, ідэі і жаданні, мары. Тое, што не прыбярэш з жыцця і за краты не кінеш. Ці імкнуцца дыктатуры кантраляваць гэтую сферу? Безумоўна. Нават знаходзяць таленавітых людзей, гатовых іх шчыра падтрымаць. Свае “песняры” былі і ў сталіна, і ў гітлера, і ў пуціна зараз ёсць.
А вось у нашай дыктатуры няма. Яна не знайшла нікога нават адносна таленавітага, каб прыцягнуць на свой бок. Саладуха і сумнавядомыя сёстры груздзевы – вось гэта ўзровень.
І хочацца пажартаваць пра лукашыстаў, якія нават у руціннай дыктатарскай рабоце селі ў лужыну. Але не. Тут нагода не смяяца з пацукоў, а ганарыцца нашымі творцамі. Бо ўсе паказалі сябе сумленнымі людзьмі. І гэтыя сумленныя людзі на фестывалях, і выставах, і канцэртах, і на цырымоніях узнагароджвання ў розных кутках свету нагадваюць пра Беларусь, распавядаюць пра Беларусь і заклікаюць дапамагаць Беларусі.
Балюча, што яны апынуліся за мяжой. Ім таксама балюча. І страшна за тых, хто застаецца, і не прысягнуў, і ніколі не прысягне дыктатуры. Але сёння хочацца падзякаваць і тым і другім. За тое, што выраз “сумленне нацыі” у Беларусі – гэта не проста прыгожая метафара. Так і ёсць. Дзякуй, творчыя людзі!
Жыве Беларусь!