Дыктатуры зручна, прыемна, утульна там, дзе адна палова грамадства маўчыць і нікуды не лезе, бо гэта “не жаночая справа”. А калі моцная жанчына з’яўляецца, то няхай свае нервы марнуе з-за жартаў пра катлеты.
Беларускія жанчыны змагаюцца, рызыкуюць, падвяргаюцца рэпрэсіям, сядзяць за кратамі. Беларускія жанчыны паралельна самі вымушаныя вырашаць свае “нязначныя жаночыя праблемы”. Цябе не бяруць на працу, бо падпісаўся за Бабарыку, – гэта агульная праблема, праблема грамадства. Цябе не бяруць на працу, бо “усё роўна хутка народзіш дзіця, сыдзеш у дэкрэт” – гэта праблема жаночая. Цябе збіваюць, кідаюць за краты, вінавацяць у тым, што ты не там гуляў у жніўні 2020 г, – гэта шок і злачынства. А вось Ліза “сама вінаватая”, таксама “не там гуляла”. Былі такія каментары? Былі, і шмат.
Кожны дзень беларускія жанчыны вымушаныя змагацца на два франты. І кожны дзень яны чуюць, што другі фронт не існуе. Але гэта не спыняе іх, і не спыніць.
Ні ў кога няма аніякіх правоў – дык іх ні ў кога і не будзе, калі кожны дбае пра сябе. Таму мы павінны вучыцца паважаць адзін аднаго, цаніць адзін аднаго і бачыць праблемы адзін аднаго. Так, гэта справа не аднаго дня. Але нарэшце працэс ідзе, дзякуючы моцным і смелым беларускім жанчынам і сумленным мужчынам.
Толькі ў свабоднай краіне магчымая роўнасць. Але і без роўнасці не будзе сапраўднай свабоды.
З днём роўнасці, беларускія жанчыны!
Жыве Беларусь!