63-гадовую жыхарку Брэста будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»Пра гэта паведамл…

63-гадовую жыхарку Брэста будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле ведамства, у 2021 годзе беларуску асудзілі да 1,5 гадоў «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Пасля гэтага сілавікоў зацікавала «падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў». Следчыя ўстанавілі, што яна ажыццявіла не менш за 125 пераводаў 114 беларусам на суму больш за 1,5 тысячы рублёў. Як піша СК, жанчына пераводзіла грошы выключна асобам, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».

Таксама следчыя ўстанавілі, што яна была ў закрытай суполцы ў Facebook, якая належыць «экстрэмісцкаму фармаванню». Верагодна, гаворка ідзе пра суполку «Письма Солидарности Беларусь 2020», якую ў снежні прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Жанчыне прад’яўлена абвінавачанне па ч.1 арт.361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра палітзняволеную Наталлю Малец.