Людзі губляюць час, губляюць здароўе. Губляюць шанец развітацца з бабулямі і дзядулямі, ці з бацькамі. Губляюць магчымасць быць побач са сваімі маленькімі дзецьмі. Маладыя і прыгожыя губляюць маладосць і прыгажосць. Прафесіяналы губляюць навыкі. А некаторыя ўжо згубілі жыццё.
Але ёсць тое, аб чым не прынята казаць. Чалавек за кратамі можа згубіць надзею і жаданне жыць. І пацукі імкнуцца знішчыць калі не фізічна, то маральна як мага больш беларусаў. Сёння павінна была выйсці Паліна Шарэнда-Панасюк – не выйшла. За 2 дні да вызвалення яе затрымалі па новай справе, ужо трэцяй. Пажылога Васіля Дземідовіча судзяць у восьмы (!!!) раз. Ламаць, ламаць, ламаць, каб нават на волі потым не змаглі жыць нармальна. Пацукі мараць, каб іх ахвяры адчувалі сябе ахвярамі, нават калі не застанецца саміх пацукоў. Бо адзіная спадчына, якую могуць пакінуць дыктатары, – гэта зламаныя жыцці.
Мы не павінны дапусціць гэтага. І абавязак людзей на волі – падтрымліваць людзей у палоне. Большасць паштовак не даходзіць? Але ж некаторыя даходзяць. Нельга дапамагчы непасрэдна самому палітвязню? Можна падтрымаць яго сям’ю. Палітыкі, актывісты і дыяспары могуць патрабаваць узмацнення ціску на рэжым ад цывілізаваных краін.
І ўсе, хто зараз у свабодных краінах, могуць – і абавязаны – распавядаць пра Беларусь. Людзі павінны ведаць, нават калі ім нецікава, калі “Беларусь – гэта на Балканах?”, калі “Я быў у Мінску – вельмі чысты горад”, калі “Як там ваш бацька?”. Беларусы павінны гаварыць. Бо злачынствы – такія злачынствы, як тое, што адбываецца зараз у беларускіх турмах, – любяць цішыню. Ні цішыні, ні пакоры пацукі ад нас не атрымаюць.
Салідарнасць – наша сіла!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!