Дзяржава не ведае ні любові, ні пашаны. Польскія пахаванні знішчаюцца па ўсёй краіне, крыжы ў Курапатах ламаюць “невядомыя” вандалы. Наш герой Кастусь Каліноўскі быў з гонарам пахаваны ў Вільні, а ў Беларусі магілы паўстанцаў аднаўлялі актывісты. Адзін з іх, Вітольд Ашурак, быў забіты потым за кратамі.
Нас імкнуцца пазбавіць гісторыі, пазбавіць памяці. Сцерці ўсё, што было да 1994 г.
Але памяць нельга зламаць, як крыж, разбурыць, як старое пахаванне. Нельга зруйнаваць, як старажытны касцёл, і забараніць, як кнігу. Памяць чалавека існуе, пакуль існуе чалавек, памяць народа існуе, пакуль існуе народ. А можа, наадварот – мы знікаем, калі знікае памяць?
І як бы не мітусіліся пацукі, знішчаючы і забараняючы, на старых могілках зноў і зноў з’яўляюцца кветкі. Зноў узнімаюцца ў Курапатах крыжы. Моладзь чытае вершы расстраляных паэтаў. Мы паўсюль. З нашай памяццю ўсё добра, яна жыве і будзе жыць. І Беларусь таксама.
Жыве Беларусь!