Вядома ж, ёсць тысячы спосабаў націснуць на жанчыну, у якой муж за кратамі, а дачка і бацькі – у Беларусі. І пацукі ведаюць нават тыя спосабы, да якіх мы ніколі не дадумаемся: у плане здзекаў і катаванняў іх фантазія добра працуе. Але навошта? Ігар сядзіць, Дар’я сядзіць, ліставанне ім блакуецца, дзіця яны не бачаць, няўжо гэтага мала?
А можа, усё не для Дар’і з Ігарам робіцца?
Ад самага пачатку пацукі імкнуцца запэўніць і сябе, і нас, і выпадковых гледачоў з-за мяжы, што нічога сапраўднага ў нас няма. Лезуць пад кулі і гранаты – дык то за грошы лялькаводаў. Маюць прынцыпы – няхай выбачаюцца за іх на канале губазікаў, а лепш на тэлебачанні. Любяць, сябруюць, кахаюць – дык гэта таксама несапраўднае, глядзіце, Дар’я больш не кахае.
Быццам прызнанне нас несапраўднымі зробіць сапраўднымі іх. Вунь супрацоўнікі банка маршыруюць пад песню пра любімага фюрэра – вось гэта сапраўднае, а ўсё астатняе – “фальшыўка, сфабрыкаваная ў Польшчы”.
Не, спадары пацукі. Што мы добра ўмеем – дык гэта адрозньваць сапраўднае ад несапраўднага. І чаго вы дабіліся гэтым перформансам? Вы ж чытаеце экстрэмісцкія рэсурсы, дык пачытайце. Даўно ў нашай інфармацыйнай прасторы не было такой аднадушнасці і паразумення. Ні слова асуджэння, толькі бясконцая падтрымка Дар’і і бясконцая нянавісць да тых, хто катуе яе і Ігара.
Бо сапраўднае застаецца сапраўдным, нягледзячы на маніпуляцыі. Сапраўдныя людзі бачаць і адчуваюць сапраўдных людзей. І падтрымаюць, што б не здарылася.
Мы жадаем Ігару і Дар’і сіл. Пацукам не разбурыць іх сям’ю, бо сям’я – гэта не штамп у пашпарце, а каханне, любоў, вернасць і падтрымка. А для беларусаў і для сусветнай грамадскасці няхай гэты выпадак нагадае, што тысячы людзей за кратамі кожны дзень зазнаюць не толькі фізічныя, але і псіхалагічныя катаванні, і кожны кат, нават той, што не карыстаецца дубінкай і шокерам, мусіць адказаць за свае злачынствы.
Свабоду Ігару і Дар’і Лосік!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!