​​Трыццаць гадоў таму ў Беларусі адбыліся першыя і апошнія чэсныя выбары, на якіх, на жаль, перамог …

​​Трыццаць гадоў таму ў Беларусі адбыліся першыя і апошнія чэсныя выбары, на якіх, на жаль, перамог лукашэнка. Людзі ўпадабалі “чалавека ад народа” з непрыемным голасам, які абяцаў змагацца з карупцыяй. Большасць тады радавалася, астатнія думалі “ну гэта ж толькі на 5 гадоў”.

Прайшло 6 разоў па 5 гадоў, і ўвесь гэты час ён знішчае, разбурае, забівае. Карупцыю не перамог, але ўзначаліў. Палітычныя апаненты, да якіх ён здолеў дацягнуцца, за кратамі ці зніклі назаўжды. Тысячы людзей сядзяць, дзясяткі тысяч зазналі пераслед, сотні тысяч з’ехалі. А тысячы іншых назаўсёды запэцкаліся крывёю і брудам. Настаўнікі сталі фальсіфікатарамі, сілавікі – бандытамі. Краіна, што жыла пад лозунгам “каб не было вайны”, – цяпер саюзніца агрэсара. Але гэта фармальна. Рэальна Беларусь акупаваная.

А лука састарэў, патлусцеў, пачырванеў тварам і пасінеў пальцамі. І толькі голас усё такі ж паскудны, і хлусіць так жа шалёна. І ніхто, нават самыя адданыя ябацькі, не бачаць у ім чалавека ад народа – бо народа ён баіцца больш за ўсё.

І ведаеце, хочацца, каб ён пасядзеў. Не, не абавязкова так, як нашы людзі сядзяць. Не трэба 20 чалавек у двухмеснай камеры, матрац няхай будзе ў яго. Але хочацца, каб адчуў сябе смеццем і брудам, каб бачыў, як яму здраджваюць яго баявыя пацукі, дарагія замежныя партнёры, прапагандысты, палюбоўніцы, ябацькі і ўласныя сыны. Каб кожны дзень узгадваў адчуванне ўлады, за якую прадаў і краіну і душу. А потым узгадваў, што ўлады больш няма. Хочацца адкрытага суда, хочацца, каб кожны, хто пацярпеў ад старой пачвары, мог паглядзець пачвары ў вочы. Няхай захлынецца ў народнай любові!

Але вось чытаеш,  яму недзе там дрэнна стала, бачыш, як ён балбоча то пра кароў, то пра тое, што людзі яму нядобрае жадаюць… І ў галаве тыя самыя запаветныя тры літары складаюцца ў тое самае запаветнае слова. І разумееш: гэты вынік таксама быў бы цалкам прымальным.

Жыве Беларусь!