Мог папазіраваць на фоне ацалелага кароўніка, пахваліць, што ацалелы, пакрытыкаваць, што каровы ў гноі. Потым – сустрэча нібыта з электаратам, абяцанні матэрыяльнай дапамогі (дапамагаць не абавязкова, дастаткова абяцаць). Потым – кадры з электрастанцыі, дзе лука асабіста працуе над аднаўленнем святла ў горадзе. Святло сапраўды рана ці позна адновіцца, усё ж такі гэта проста моцны вецер, а не – барані божа – землятрус ці выбух рэактара. А потым тэлевізар яшчэ месяц будзе распавядаць, як пацукі бліскуча далі рады ўрагану. Ураганы ж бываюць і ў варожых ЗША, і ў братэрскай Расеі, а бліскуча даць рады атрымліваецца толькі ў лукі.
Мог – але не стаў. Замест таго ўся прапаганда тры дні сядзела ў рэжыме “if I ignore it, maybe it will go away”.
А што такое? Грошы скончыліся, ці сілы? Ці спецыялісты па піяр-акцыях? Пад кожнай навіной пра праблемы ў Беларусі набягаюць расейцы (ці то прыгожынскія, ці то жывыя людзі, не разбярэш) і пачынаюць адвечнае “затое наўкол вайна, крызіс, а ў ‘Беларусіі’ стабільнасць”. Чарка, шкварка, мірнае неба. Вядома ж, і чарка ўжо не поўная, і шкварка не такая тлустая, як была раней, але – стабільна ўсё.
Вось толькі лукашэнкаўская стабільнасць не так выглядае. Электрычнасць у вялікім горадзе стабільна ў рэжыме аднаўлення. Расейскія дроны стабільна лётаюць па мірнаму небу. Аўтобусы МАЗ стабільна гараць, і як гараць, прыгожа, ярка! Можна ў Балівуд прадаваць, майстрам па спецэфектах. Іншаземныя госці стабільна едуць да нас і застаюцца (у сіза), стабільна адпраўляюцца за краты кіраўнікі госпрадпрыемстваў і чыноўнікі, стабільна паміраюць мянты. Тэлевізар стабільна брэша, але і ў яго сіл паменшала.
І ўсё гэта нагадвае такіе, ведаеце, выявы на тканіне, якімі закрываюць сцены будынкаў на рэстаўрацыі. На іх намалявана, як фасад павінен выглядаць. Вось толькі лукашэнкаўскі будынак ніхто рэстаўрыраваць не збіраецца, ён ціхенька гніе пад анучай з выявай стабільнасці.
На шчасце, будынак той – не гістарычны помнік, ні нейкая там культурная каштоўнасць. Не. Ён пабудаваны не па нормах, без узгаднення з уласнікам зямлі, народам. Таму – не шкада. Усё роўна потым давядзецца аднаўляць усё тое, што было разбурана дзеля будаўніцтва гэтага монстра.
Жыве Беларусь!