​​Чалавек такая істота – да ўсяго прывыкае. І вось чытаеш рэгулярна навіны пра нешта там, і ўжо не р…

​​Чалавек такая істота – да ўсяго прывыкае. І вось чытаеш рэгулярна навіны пра нешта там, і ўжо не рэагуеш, бо прывычна. А потым нечакана ўслед за навіной ідзе статыстыка, і…

Вы ведалі, што за знішчэнне чырвона-зялёных ануч, якія лукашысты клічуць “сцягамі”, агулам асудзілі як мінімум 192 чалавек?  Гэта тыя, пра каго вядома праваабаронцам. А колькі тых, пра каго невядома? А колькіх пацукі не знайшлі?!

А калі пачытаць падрабязнасці, то большая частка такіх гісторый – не нейкія там партызанскія акцыі, а проста “ішоў чалавек па справах – убачыў анучку – сарваў”. Бо артыкул толькі адзін, наконт “здзеку з дзяржсімвалаў”, ніякага іншага экстрэмізму.

І мабыць няма ў таго чалавека тэлеграма, не чытае ён экстрэмісцкія навіны, на выбары не ходзіць, жыве, працуе, чаго яму не хапае? А тут дзяржаўная анучка на яго шляху трапілася, вісіць, нікога не чапае. Дык навошта ён яе?

Але не трэба чытаць незалежную прэсу, каб бачыць хлусню ў тэлевізары. Бо ў тэлевізары сны пра каровак, Славянскі базар і еўрапейцы едуць да нас мільёнамі па бязвізу, а чалавек бачыць цэны ў краме і чаргу да лекара. Ведае, што калегу-спецыяліста звольнілі за пазіцыю. Чуў, як суседу а сёмай гадзіне раніцы ламалі дзверы касманаўты.

І анучка для апалітычнага чалавека сімвалізуе не расейскую акупацыю, не дыктатуру, не скрадзеныя выбары, не акрэсціна. А вось усё гэтае паскудства, якое ён бачыць на ўласныя вочы кожны дзень. Дастаткова, каб не вытрымаць. У лукашэнкаўскай Беларусі заставацца абыякавым усё цяжэй. Немагчыма ўжо.

Сцягі былі ў крывавых імперый, у розных дыктатур былі свае сцягі. Некаторыя праз гады выклікаюць нянавісць, некаторыя зараз забаронены. Але чырвона-зялёнае палотнішча цяжка назваць сцягам. І нясе яно шмат негатыўных пачуццяў, але, на наш погляд, галоўнае з іх – не нянавісць, а агіда. Агідная брыдкая брудная ануча, якую хочацца проста адправіць на сметніцу.

І адправім. Усёй краінай.

Жыве Беларусь!