У вазку і быў гной — некалькі паўнаважкіх, шчырых, ад душы накладзеных кіляграмаў. А яшчэ там ляжалі плякат з партрэтам таго самага, шыльдачка з надпісам «За пяцігадовую плённую працу», купюра вартасьцю адна тысяча дэнамінаваных рублёў, канстытуцыя РБ 1994 году, кайданкі і, у дадаак, узоры афіцыйнай сымболікі той дзяржавы, якая дагэтуль чамусьці называе сябе беларускай.
Нахіліўшыся, чалавек пакаціў вазок з усім зьмесьцівам у бок рэзыдэнцыі таго, хто з народам. Папярэджаныя загадзя журналісты з задавальненьнем здымалі, як ён адольвае гэты непрацяглы, але ганаровы маршрут. Насустрач чалавеку з вазком выйшаў чалавек з дручком і пісталетам. Ваяка супраць мірнага хлебароба.
«Што вы робіце?» — разгублена спытаў чалавек з дручком і пісталетам.
«Так трэба», — сувора адказаў чалавек з вазком, упарта працягваючы каціць яго наперад.
Толькі калі да дзьвярэй рэзыдэнцыі заставалася мэтраў сем, чалавека ўдалося спыніць. Чалавек вываліў зьмесьціва вазка на вычышчаную да бляску плітку, паклаў зьверху плякат і праткнуў усё гэта віламі. І неўзабаве сядзеў у апорным пункце. Данайскага пашпарта ў яго кішэнях не аказалася — толькі тысяча беларускіх рублёў.
«Імя?» — строга запыталіся ў яго ахоўнікі правапарадку, беларуска-данайскай дружбы і тратуарнай пліткі.
«Імя маё невядомае, подзьвіг мой бесьсьмяротны», — урачыста адказаў чалавек у вышыванцы (Алесь Пушкін).
Выраз лепей за пафаснае “Я памятнік себе воздвіг нерукотворный” другога, імперскага Пушкіна.
Ганарыся і Ведай нашых! А ўж потым астатніх, а не наадварот.
Дарэчы Аляксандар па-беларуску будзе Алесь. А як гучыць ваша імя на вашай мове можна даведацца з Урока 1. Вітанні і звароты. Аканне заняткаў Мовы Нанова.
Сьветлая і вечная памяць Алесю…