​​Сёння Раману Бандарэнку споўнілася б 35 гадоў. Гэта маленькая караценькая “б” азначае, што не споў…

​​Сёння Раману Бандарэнку споўнілася б 35 гадоў. Гэта маленькая караценькая “б” азначае, што не споўніцца ніколі. Раман мёртвы, забіты гопнікамі пры ўладзе, якім іншы гопнік пры ўладзе сказаў: “рабіце што хочаце”. Яны і робяць – рабуюць, збіваюць, забіваюць, а потым пьюць.

І ўсе разумеюць, што гэта не назаўсёды. І яны (ну, самыя разумныя з іх) зараз плануюць шляхі адыходу. А мы разважаем, якой яна будзе – Беларусь без дыктатуры. І калі гаворка заходзіць пра пакаранне злачынцаў, з’яўляюцца галасы, так скажам, літасці.

“Нельга быць занадта жорсткімі.”
“Усё ж такі асноўная віна на рэжыме, а не на пэўных людзях.”
“Нельга помсціць.”
“Нельга дазволіць эмоцыям засланіць розум.”

Усё так, беларусы – коцікі, і ў добрых дзіцячых кніжках герой не забівае злодзея, каб не стаць такім, як ён. І эмоцый за апошнія гады назапашана столькі, што сапраўды страшна ў іх патануць.

Але  падаўленне эмоцый – гэта пра ідэолагаў, правакатараў з чат-рулеткі і бондараву. З якімі сапраўды незразумела, што рабіць. А масандра з баскавым? А мянты? А з імі ўсё як раз такі зразумела.

Першымі патрабаваннямі народа былі чэсныя выбары, вызваленне закладнікаў і пакаранне “сілавікоў”, што збівалі і стралялі па людзях. Патрабаванні, дарэчы, не змяніліся. Але іх можна згарнуць да “мы хочам жыць у прававой дзяржаве”. Так, прававая дзяржава з вяршэнствам закона. Дзе гэты самы закон адзіны і для прэзідэнта, і для сілавікоў, і для звычайных грамадзян.

І менавіта за будучую прававую дзяржаву беларусы змагаліся і змагаюцца. І незразумела, чаму для сітуацыі “губазікавец збіў суседку на лецішчы” ёсць артыкул у крымінальным кодэксе, а вось калі губазік збіў затрыманую ў кабінеце – тут ужо “не всё так однозначно”, “ён толькі выканаўца”, “а што скажуць у ААН”, “давайце забаронім яму працаваць у дзіцячых садках і адпусцім”?! Сур’ёзна? Для гэтага таксама ёсць артыкул, і калі нам хочацца прававую дзяржаву, то трэба тым артыкулам скарыстацца. А не выдумляць. Бо ў дзяржаве, дзе для ўсіх адны правілы, а для мянтоў іншыя, мы ўжо пажылі, дастаткова.

Ёсць былыя дыктатуры, дзе злачынцам даравалі? Ёсць. Ёсць з іх тыя, што жывуць нармальна? Так. Але яны далёкія ад нас, недзе на іншых кантынентах. А вось самую блізкую мы ўсе добра ведаем, гэта СССР. Нікога не пакаралі, і зараз маем што маем: чырвоная пачвара не памерла, а нарадзіла новых пачвар.

І ёсць яшчэ момант. Калісьці адзін разумны чалавек выказаў такое меркаванне: у будучым Беларусь даволі мякка абыдзецца са служкамі рэжыму. Бо трэба  не расчараваць заходніх партнёраў, і нельга каб умоўны Гутэрыш енчыў пра генацыд хлопчыкаў у фуражках. Аднак з’явяцца народныя мсціўцы, можа і няшмат, але з’явяцца. Ці то былыя добраахвотнікі, ці то былыя вязні і іх родныя, ці проста людзі з пачуццём справядлівасці. І гэта, маўляў, правільна, бо дзяржава не можа дазволіць сабе быць помслівай, а пэўныя людзі могуць.

І са ўсім хочацца пагадзіцца, акрамя апошняга. Гэта няправільна. Няправільна, калі дзяржава перакладае свае абавязкі на грамадзян. Навошта тады тая дзяржава? Няправільна, калі злачынцы вісяць у лесе, а не сядзяць у турме. Дарэчы, ці ўсе з іх сапраўдныя злачынцы, а не выпадковыя былыя сілавікі? Бо ў звычайнага чалавека няма тых інструментаў расследавання, што маюць следства і суд. Няправільна, калі грамадзянін, які хоча справядлівасці, сам робіцца злачынцам. Бо дзяржава кінула яго, здрадзіла яму. Бо дзяржаву хвалявала не выкананне ўласных законаў, а што скажа Гутэрыш у ААН.

Так, цяжка зараз не думаць пра помсту. Але калі людзі на Плошчы Перамен паўтаралі “не забудзем, не даруем” – гэта было не пра помсту. А пра закон. І не трэба быць занадта жорсткімі ці занадта мяккімі. Трэба выконваць закон.

Злачынцы адкажуць па законе!
Жыве Беларусь!