А што, чым не фарміраванне – сям’я? Годныя бацькі гадуюць годных дзяцей, і перадаюць ім самую экстрэмісцкую канцэпцыю – сумленне. Сёстры падтрымліваюць адна адну, маці ў самыя цяжкія часы застаюцца побач з сынамі. Цяжкія часы – увогуле добрая праверка для любых сувязяў і адносін.
Але наўрад ці пераслед людзей сем’ямі – гэта ініцыятыва губазікаў ці кдбшнікаў. Не, загад (можа без канкрэтыкі і прозвішчаў) быў аддадзены вышэй. На самым версе.
І паглядзіце: у лукашэнкі таксама вялікая сям’я. Дзеці, унукі. Вось толькі сям’ю ён ператварыў у мафію, запэцкаў старэйшых сыноў, малодшага выкарыстоўваў то як жывы шчыт, то як мілую цацку для прапананды.
Ці былі ў той сям’і любоў і павага? Можа, калісьці і былі. Цяпер няма. І чаго там яшчэ дакладна няма, дык гэта даверу. Бо злодзеі, павязаныя злачынствамі, не давяраюць. Іх сувязь імгненна ірвецца ў пэўных абставінах.
Таццяну Францкевіч і Наталлю Лабацэвіч караюць не за “экстрэмізм” ці антыпатыі да ўлады. Іх караюць за сумленне. За падтрымку і салідарнасць. За любоў. За вернасць. Карае стары шэры чалавек, які сам разбурыў ўласную сям’ю і ненавідзіць іншыя сем’і. Бо ведае, што аднойчы, нягледзячы на колькасць родных, ён застанецца ў адзіноце. А можа, ён ужо ў адзіноце.
Свабоду Таццяне Францкевіч!
Свабоду Наталлі Лабацэвіч!
Свабоду Аляксандру Францкевічу!
Жыве Беларусь!