​​Вы памятаеце, як гэта было? Кожны памятае. Колеры. Галасы. Твары. Рукі. Музыка. Няспынны рух. Шчас…

​​Вы памятаеце, як гэта было? Кожны памятае. Колеры. Галасы. Твары. Рукі. Музыка. Няспынны рух. Шчасце рухацца. Шчасце бачыць і чуць.

Неверагодна. Немагчыма. Быццам нейкая анамалія адчыніла дзверы ў паралельнае вымярэнне, падобнае да нашага, але іншае. Бо ў нашай рэчаіснасці можна піць віно на Манмартры, танчыць у Рыа, падняцца на Эверэст, але некаторыя рэчы тут дакладна не могуць існаваць. Ну напрыклад цмокі. Ці вось гэта, тое, што адбывалася з намі ў жніўні 2020 г.

І нідзе і ніколі – ні ў далёкім незнаёмым горадзе, ні побач з велічнай прыродай, – мы не адчувалі сябе настолькі жывым. Нібыта мы сталі ў адначассе больш жывымі, чым былі раней.

Падручнікі гісторыі абіраюць сціплую мову. Перадумовы паўстання. Патрабаванні. Асноўныя падзеі. Рэакцыя. Хацелі скінуць, бо надакучыў. Бо нельга сядзець на пасадзе столькі гадоў. Надакучыў і тым, хто галасаваў за яго калісьці, і тым, хто нарадзіўся пад яго ўладай. Ён быў мярзотным, з мярзотным голасам, і дрэнным кіраўніком, і забойцай, але пра гэту апошнюю яго якасць большасць не памятала. Спачатку. Хтосьці спадзяваўся на хуткую перамогу, шукаў саюзнікаў там, дзе іх не было. Іншыя рыхтаваліся да доўгай барацьбы. Але. Усё гэта належыць да нашай рэчаіснасці. А тыя пачуцці – і перад варожай тэхнікай, і ў шматтысячных калонах, – яны аднекуль звонку.

Дзверы зачыніліся. А пачуцці засталіся.

Больш жывым – больш баліць. Баліць ад кожнай навіны. Часам здаецца, што з цябе жыўцом садралі скуру. А потым разумееш, не, то не скура, а нейкае шалупінне, і хто ведае, колькі яшчэ яго засталося: на табе, на іншых. Гісторыя павольна здзірае яго з нас, і якім будзе чалавек без шалупіння, дакладна невядома. Можа там нешта добрае, ці гніль, ці ўвогуле нічога.

Чатыры гады. Імгненне для гісторыі і вечнасць для чалавека. Мы стаміліся, і часам страшна ператварыцца ў таго самага самурая, у якога няма мэты – толькі шлях. Страшна згінуць недзе на шляху. Страшна дайсці і не адчуць радасці, бо шлях змяніў нас незваротна. Страшна, што той цуд, які мы бачылі ў 2020 г і які надаў нам моцы, ніколі не паўторыцца.

І так, мы ніколі не вернемся у тыя дні, як нельга вярнуцца ў дзяцінства, ці юнацтва. Але будуць іншыя дні. Мы сустрэнем іх дарослымі, моцнымі і адказнымі. І без шалупіння. Шлях зменіць нас, але гэта правільна. Бо мэта, да якой мы аднойчы вырашылі ісці, немагчымая без шляху. Гэта той самы гістарычны шлях да волі, які павінен прайсці аднойчы кожны народ.

Таму не трэба грызці сябе ды іншых – гэта толькі перашкаджае ісці наперад. Не трэба шкадаваць аб нейкіх страчаных магчымасцях – пасля лютага 2022 г ужо зразумела, куды насамрэч тыя магчымасці вялі. Не трэба мроіць пра спакойнае і нежывое мінулае – бурбалка з паветрам з 2017 г не здолела б выжыць у крывавым акіяне сучаснасці. Не трэба баяцца мяняцца (у песні “Перемен” сумны фінал, бо герой вырашыў нічога не мяняць, дык вось, не трэба так). Мы – пакаленне перамен (і гэта адзінае, што нельга змяніць).

І не трэба называць частку нашага шляху паразай. Бо каб пацярпець паразу, трэба спыніцца, а гэтага дакладна ўжо не будзе. Ніколі.

Са святам годнасці, сябры!
Жыве Беларусь!