Вера як жывы вопыт: паміж традыцыяй і ростамВеды ў адрыве ад вопыту згасаюць. Мы можам дзівіцца міф…

Вера як жывы вопыт: паміж традыцыяй і ростам

Веды ў адрыве ад вопыту згасаюць. Мы можам дзівіцца міфам старажытнага Егіпта ці мастацтву дойлідаў антычнай Грэцыі, аднак нам наўрад ці ўдасца дакрануцца да таго інтуітыўнага вопыту, які натхняў іх стваральнікаў. У адрозненне ад усяго гэтага, хрысціянская вера была і застаецца жывым асяроддзем, якое расце.

Ісус так казаў пра гэта: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго» (Мц. 13:31–32).

Насенне зусім не падобнае на парастак, парастак адрозніваецца ад дрэва. Але ўсё гэта — этапы развіцця аднаго і таго ж жывога арганізма. Нязменнае толькі мёртвае.

Біблія заўсёды была для хрысціян асновай іх ведаў пра Бога. Але ж і само Пісанне нарадзілася ў лоне Царквы. Вопыт Царквы, гэта значыць вопыт следавання за Ісусам Хрыстом, перадаецца многімі шляхамі: у вусным вучэнні, у колерах ікон і царкоўным дойлідстве, у богаслужэннях, у агульных зменах ладу жыцця ў бок больш спагадлівых адносін людзей адзін да аднаго.

Біблію зноў і зноў перачытвалі, перакладалі і каментавалі. Яна заўсёды давала адказы на новыя пытанні, якія перад Царквой ставіў час. Гэта дазваляе веры заставацца актуальнай у любую эпоху.