Дзень 40. Пастухі, якія сталі «Анёламі» Божае Нараджэнне! Гэты доўгачаканы момант, калі зямля яднаец…

Дзень 40. Пастухі, якія сталі «Анёламі»

Божае Нараджэнне! Гэты доўгачаканы момант, калі зямля яднаецца з небам; калі з неба на зямлю льецца добрая вестка радасці і жыцця, а з зямлі на неба — словы малітваў-калядак у нашых вёсках і гарадах:

Зорка Бэтлеемска над зямлёю ззяе,
Радасную вестку людзям абвяшчае.
Не спі, абудзіся! Хрыстос нарадзіўся!
З неба радасць прамяніцца, будзем весяліцца.

Разам з пастушкамі ўсе спяшаемся сёння да ясляў, а нашыя храмы і дамы становяцца ўтульным Бэтлеемам, у якім і для нас сёння нараджаецца Збавіцель Хрыстос. Мы далучаемся да шматвяковай працэсіі, якая з дарамі спяшаецца ў Бэтлеем, бо наша выхаванне (на дзень нараджэнне не ідуць з пустымі рукамі!) нават у руках убогіх пастухоў убачыла падарункі, хаця, па сутнасці, пра гэта нічога не гаворыцца ў Евангеллях:

У яслях
Ён ляжыць у беднай стайні
Паглядзі
Як Дзіцятка ціха спіць.
Пастушкі з мудрацамі з Усходу свае нясуць дары,
Каб уславіць Сына Марыі.

Што ў Евангеллях сказана пра пастухоў, гэта тое, што яны, убачыўшы Божае Дзіця ў яслях, спачатку з захапленнем расказалі прысутным усё, што пачулі пра Яго ад анёлаў на полі каля Бэтлеема, а далей – што яны «вярнуліся, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі так, як ім было сказана» (Лк. 2, 20). Пастухі вярнуліся ад ясляў, перапоўненыя радасцю, якую ўжо не маглі стрымаць у сабе. Яны сталі для сваіх бліжніх «Анёламі», якія абвяшчаюць радасную вестку пра Збавіцеля, падобна, як жанчыны-міраносіцы будуць перадаваць радасную велікодную вестку Анёла, які з апрамененай Божым святлом магілы абвясціў ім, што Хрыстос сапраўды ўваскрос (гл. Мц 28, 8 ).

Здаецца, што для Бога важна не столькі тое, што мы Яму прыносім, бо сапраўды — што мы можам даць Богу? – Для Бога важней тое, з чым мы адыходзім ад Яго і ці гатовыя мы тое, што прынялі, атрымалі ад Яго, перадаваць далей, сведчыць аб тым, чым Ён адарыў нас у сваім Нараджэнні: дарам жывой веры і вечнай любові.
Наш пабожны народ нібы інтуітыўна адчуў каштоўнасць менавіта такога дару для Ісуса, таму ў адказ на згадку пра дары, якія прынеслі мудрацы і пастухі, спявае Нованароджанаму Збавіцелю:

Богу не трэба багацці зямныя ў дар,
Сэрца, што ззяе любоўю, аддай!
Госпаду слава, пашана Матулі,
Якая Збавіцеля нам нарадзіла.

Так, менавіта такіх дароў чакае ад нас Госпад: жывой веры сэрца і шчырай любові! І Ён бласлаўляе гэтыя дары сваёй пяшчотнай і ўсемагутнай правіцай, жадаючы памножыць іх у нашым жыцці. Хтосьці заўважыў, што вера расце ў сэрцы таго, хто дзеліцца ёю з іншымі, сведчыць пра яе. Тое самае можна сказаць і пра любоў: яна памнажаецца, калі мы жывём ёю, калі ахінаем ёю іншых.
Пастухі, як бы ім добра і прыемна ні было ў пячоры, не засталіся з Марыяй і Язэпам. Яны пакінулі стаенку, каб прынесці калядную вестку ў кожны дом, да кожнага чалавека. У гэтую калядную ноч яны выконвалі місію Анёлаў, якую затым падхопяць першыя вучні Хрыста — апосталы, кажучы: «Мы не можам не гаварыць пра тое, што самі бачылі і чулі» (Дз. 4, 20). І гэта таксама наша – Хрыстовых вучняў XXI стагоддзя – каляднае «хатняе заданне»: стаць для нашых сучаснікаў апосталамі, «Анёламі», вестунамі Божага міру, радасці, надзеі і жыцця. Толькі тады наша Раство будзе сапраўдным, а наша радасць – поўнай!

Малітва.
Малюся за цябе, Беларусь,
За тваіх дачок і сыноў,
Каб была паміж намі любоў,
Я малюся да Бога і прашу:
Хай прыйдзе да цябе
Божае Слова, хай сыйдзе на цябе
Божая радасць, і ўвайдзе ў нашыя сэрцы
Да Бога любоў і да брата,
Хрыстова любоў.

Уладыка Багдан Дзюрах