Апостальскі Нунцый Архібіскуп Іньяцыё Чэффалія свята св. Андрэя Апостала адзначыў з грэка-католікамі г. Мінска
У нядзелю, 30 лістапада 2025 г. Архібіскуп Іньяцыё наведаў капліцу грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску, у якой на святочную Літургію сабраліся вернікі той жа парафіі разам з вернікамі парафіі Святога Духа.
Боскую Літургію саслужылі апостальскі адміністратар архімандрыт Сяргей (Гаек), протасінкел Яўген Усошын, протапрэзбітар Андрэй Абламейка і дыякан Аляксандр Хахлоў.
Архібіскуп Іньяцыё сказаў святочнае казанне, у якім нагадаў, што у той самы час Папа Леў XIV ўдзельнічаў у святочнай Боскай Літургіі, якую ў катэдры св. Юрыя ў Стамбуле служыў Патрыярх Бартламей І.
Святы Апостал Андрэй Першапакліканы, асаблівы Апякун Цэркваў візантыйскай традыцыі, кліча вернікаў Цэркваў-Сёстраў да суполнага сведчання Евангелля.