Гісторык-архівіст Дзяніс Лісейчыкаў піша пра царкву ў Лошыцы Прушынскіх:”Доўгі час асобнай парафіі г…

“Доўгі час асобнай парафіі грэцкага (рускага) абраду з цэнтрам у Лошыцы не існавала. Жыхары вёскі адносіліся да парафіі Каралішчавіцкай царквы.
У Лошыцы з канца 17 ст. існавала драўляная капліца (у 1766 гг. тытул пазначаны як Успення Багародзіцы (альбо ў каталіцкай традыцыі – Унебаўзяцця Панны Марыі).
У канцы 1760-х гг. уладальнік маёнтка мінскі падстароста Юзаф Прушынскі вырашыў заснаваць асобную парафію, склаў фундуш і пабудаваў новую мураваную царкву.
Апісанне новапабудаванай Лошыцкай царквы Успення Багародзіцы вядома з дакумента 1777 года: “Сама царква мураваная, гонтай накрытая, пад адным купалам з жалезным крыжам, і двух крыжыках па рагах <…> Бабінец драўляны <…> Цвінтар неагароджаны”. У царкве знаходзіўся цудатворны абраз Багародзіцы.
Святаром Лошыцкай царквы быў Міхал Басюкевіч. Прэзентаваны тым жа Юзафам Прушынскім 23 снежня 1769 г. (відавочна, пасля пабудовы мураванай царквы). Высвечаны і інсталяваны мітрапалітам Феліцыянам Піліпам Валадковічам 27 чэрвеня 1770 г.
Дзейная мураваная Лошыцкая царква фігуруе ў дакументах 1780 і 1781 гг.
Аднак з сярэдзіны 1780-х гг. з царкоўных дакументаў будынак царквы знікае, застаюцца толькі згадкі пра яе валацугу-настаяцеля без будынка ўласнага храма.
Куды ж мог знікнуць мураваны будынак?
У дакуменце 1792 г. пра лёс царквы занатавана наступнае “Парафіяльнай царквы, фундаванай ад даўніх часоў, у кіраванні цяперашняга настаяцеля [Міхала Басюкевіча] не знайшоў, толькі на тым жа месцы ў 1784 годзе месяца красавіка 24 дня паводле распараджэння мітрапаліцкага праўлення і просьбы яснавяльможнага ягамосці Станіслава Прушынскага, генерала-ад’ютанта, закладзены і пасвечаны вялебным айцом Міхалам Басюкевічам, тутэйшым лошыцкім настаяцелем, падмурак, цяпер на касцёлік алтарыі тым жа вяльможным Прушынскім, перавернуты, і ад лацінскай іерархіі пасвечаны. А таксама ўся лошыцкая парафія на лацінскі абрад гвалтоўна тым жа калятарам пераведзена <…> Ранейшае царкоўнае начынне цяпер у гэтым касцёле ў распараджэнні двара знаходзіцца <…> Насельніцтва рускага абраду пры гэтай парафіі яшчэ налічваецца <…> асоб абодвух палоў 60″.
Фундатар царквы Юзаф Прушынскі, за чый кошт быў узведзены мураваны будынак, пасля смерці жонкі вырашыў стаць ксяндзом (высвечаны ў 1773 г.), а з лютага 1777 г. атрымаў біскупскую сакру і стаў тытулярным біскупам менітэнскім (Mennitensis). Прыблізна тады, відаць, у яго з’явілася ідэя пераабсталяваць некаторыя цэрквы ў сваіх маёнтках пад касцёлы.
Некаторы час фактычнае пераабсталяванне царквы ў рымска-каталіцкую алтарыю не афішавалася. А лістападам 1787 года датуецца добра вядомы фундуш Станіслава Прушынскага (сына новага біскупа) на 10 тысяч злотых на заснаванне і ўтрыманне мураванай Лошыцкай алтарыі. Цяпер алтарыя ў колішнім царкоўным будынку атрымала афіцыйны статус.
Цікава, што Каралішчавіцкая царква, якая знаходзілася на землях Прушынскіх, прыблізна у гэты ж самы час таксама стала касцёлам, а яе парафіяне – рыма-каталікамі. Фундуш на заснаванне касцёла ў Каралішчавічах (на месцы і ў будынку царквы), выдадзены Станіславам Прушынскім, датуецца кастрычнікам 1785 г.
Скасаваць Лошыцкую парафію грэцкага абраду без згоды уніяцкай іерархіі Прушынскія не маглі, таму пакінулі Міхала Басюкевіча на падараванай яму ў 1769 г. зямлі. Ён хрысціў, бласлаўляў і адпяваў рэшткі сваёй парафіі да канца 1790-х гг., хаваючы целы некаторых пры мураваным будынку сваёй былой царквы, а сам фактычна з’яўляўся вікарным святаром у суседняй царкве ў Сенніцы.
Пасля смерці Міхала Басюкевіча Лошыцкая грэка-каталіцкая парафія перастала існаваць і дэ-юрэ.
Напэўна той самы (крыху перабудаваны?) будынак і замаляваў Юзаф Пешка каля 1800 г. Іншых мураваных сакральных будынкаў у Лошыцы Прушынскіх не было.”