Менская ікона Маці Божай паводле падання з’явілася на водах Свіслачы, куды яна прыплыла з Кіева ў 15…
Гісторык Уніяцкай Царквы базыльянін а. Ігнат Сцябельскі апублікаваў у 1781 г. працу, у якой сцвярджаў, што гэтая, адна з найбольш шанаваных у краі ікон Багародзіцы, спачатку захоўвалася ў Дзесяціннай царкве ў Кіеве, куды яе змясціў святы князь Уладзімер Святаслававіч. Ён перадае гісторыю пра татарына, які забраў упрыгожанні і кінуў абраз Маці Божай у ваду, пасля чаго «ікона ці то па вадзе, ці то супраць вады цудоўным чынам, або анёламі была перанесеная ў Менск, на рацэ Свіслачы перад замкам апынулася і, будучы заўважанай дзякуючы святлу, што ад яе зыходзіла, жыхарамі гораду з вады вынята і ў замкавую царкву 13 жніўня 1500 г. унесена». Паводле а. Ігната Сцябельскага ў дзень успаміну сьвятога апостала і евангеліста Лукі 18 кастрычніка 1616 г. абраз быў змешчаны ў храме пры манастыры базыльянаў.
У 1733 г. уніяцкі архімандрыт Аўгустын Любянецкі ахвяраваў 1000 талераў, на якія ў царкве Святога Духа стварылі капэлу для спеваў перад Менскім абразом Багародзіцы падчас набажэнстваў. Таксама зранку і ўвечары ў храме гралі гімны «Радуйся, Каралева» і «О, слаўная Уладарка», якімі праслаўлялі Дзеву Марыю.
У 1852 г. цудатворны абраз Маці Божай Менскай упрыгожылі срэбнай рызай з пазалотай і каштоўнымі камянямі. Унізе іконы была змешчана шыльдачка з кароткім апісаннем гісторыі іконы, а галовы Багародзіцы і Дзіцятка Ісуса аздобілі каронамі з дыямантамі. Кожную суботу перад цудатворным абразом Багародзіцы спявалі акафіст.
Увесну 1922 г. бальшавіцкі ўрад канфіскаваў каштоўную рызу з гэтага цудатворнага абраза. А ў 1935 г. Менскі абраз Багародзіцы перадалі ў краязнаўчы музей. Летам 1936 г. былую царкву базыльянаў, дзе доўгі час знаходзіўся цудатворны абраз, узарвалі.
Летам 1941 г. гэты абраз Багародзіцы вярнулі вернікам. Яго адрэстаўравалі і перанеслі ў праваслаўны храм св. Кацярыны на Нямізе, які пераасвяцілі ў гонар святых Пятра і Паўла. У 1945 г., калі гэты храм на Нямізе зачынілі, яго перанеслі ў сабор Святога Духа (былы касцёл бернардынак).
Сёння ікона Маці Божай Менскай знаходзіцца злева ад царскай брамы, у ківоце ў паўночным нэфе праваслаўнага катэдральнага сабору Святога Духа (былы касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі кляштару бернардынак). Яе памеры: 140 см × 105 см, намалявана тэмперай па ляўкасе на драўлянай аснове.
У 1992 і 1999 г. абраз даследавалі і ачысцілі мастакі-рэстаўратары Пётр Журбей і Павел Жараў, якія з дапамогай рэнтгенаграфіі аднавілі першасны выгляд. Пад пластом фарбы XVII–XIX ст. выявілі больш старажытны жывапіс – не пазней за XV ст.
Сімвалічна, што сваёй незвычайнай гісторыяй Менская ікона Божай Маці аб’яднала праваслаўных, уніятаў і рыма-каталікоў у пашане да Найсвяцейшай Багародзіцы, праз малітвы якой да Бога здзяйсняліся цуды на працягу стагоддзяў і многія вернікі атрымлівалі аздараўленні. Заступніцтву Маці Божай Менскай прыпісвалася таксама перамога войска Вялікага Княства Літоўскага над татарамі пад Клецкам у 1506 г.