Звычай святкаваць гэты дзень асаблівым чынам бярэ свой пачатак з часоў Яна Залатавуснага (IV ст.) — пра яго згадвае канстанцінопальскі свяціцель. Найстарэйшая пісьмовая згадка пра Палову Пяцідзясятніцы змяшчаецца ў ерусалімскім «Лекцыянарыі» на грузінскай мове V–VIII ст.
Літургічныя тэксты свята былі складзены Анатолем Канстанцінопальскім (V ст.), Андрэем Крыцкім (VII ст.), Янам Дамаскінам (VIII ст.) і Тэафанам Вызнаўцам (IX ст.). Сёння яны спяваюцца на службах не толькі ў сам дзень Паловы Пяцідзясятніцы, але і на працягу васьмі дзён, якія складаюць яго пасвяцце.
Царква ў літургічных тэкстах акцэнтуе ўвагу на святле, якое даруе першае свята, і абяцанні Святога Духа, якое споўніцца ў другім. “Набліжаецца, як напісана, шчодрае выліццё Боскага Духа на ўсіх, і сённяшні дзень прадвяшчае спаўненне абяцання, якое даў Хрыстос вучням сваім, калі пасля смерці, пахавання і ўваскрасення свайго, абвясціў ім прыйсце Суцяшальніка” (вершапесня Вячэрні).
Яшчэ адна тэма, выражаная ў свяце Паловы Пяцідзясятніцы, — гэта жывая вада, якую дае Хрыстос. Евангелле дня апавядае пра прыход Ісуса ў Ерусалім на юдэйскае свята Кушчаў (Ян. 7), якое доўжылася восем дзён. Ім выбраны народ згадваў тое, як Бог вёў іх продкаў праз пустыню пасля вызвалення з егіпецкага рабства і забяспечваў іх усім неабходным. У знак таго, што Бог даў ім тады ваду праз удар па скале жазлом Майсея, юдэі мелі звычай урачыста выліваць ваду на восьмы дзень свята.
У прамове Ісуса з’яўляецца вобраз вады, які стане адным з цэнтральных у літургічных тэкстах Паловы свята: “Калі хто мае смагу, няхай прыходзіць да Мяне і п’е; хто веруе ў Мяне, як сказана ў Пісанні, у таго з нутра пацякуць рэкі вады жывой” (Ян. 7, 37-38).
Юдэйскі абрад вылівання вады Ісус інтэрпрэтуе па-новаму — як выліванне Святога Духа на тых, хто паверыў у Яго. Сімвал вады быў зразумелы для юдэяў — ён у асноўным звязваўся з жыццядайнай сілай і чысцінёй. Таму Ісус, кажучы пра Духа, звяртаецца да гэтага вобраза.
“Навучыўшыся ад Хрыста жыць па-новаму ў чысціні, пастараемся захаваць яе да канца, каб сустрэць прыйсце Святога Духа” (Канон Ютрані, п. 9).