«Анёлам сваім загадае наконт цябе, каб яны ахоўвалі цябе на ўсіх шляхах тваіх» (Пс 91, 11). Якую ж в…

«Анёлам сваім загадае наконт цябе, каб яны ахоўвалі цябе на ўсіх шляхах тваіх» (Пс 91, 11). Якую ж вялікую пашану павінны абудзіць гэтыя словы, якую ж вернасць, якую ж надзею? Пашану з прычыны прысутнасці, вернасць з прычыны ласкавасці, надзею з прычыны апекі. Бо яны пры табе, не толькі з табою, але і для цябе. Існуюць, каб цябе абараняць, існуюць, каб дапамагаць. Хоць тым, хто дае распараджэнні, з’яўляецца Бог, аднак нельга не дзякаваць ім, бо яны слухаюць Яго з такой вялікай любоўю, а да нас прыходзяць з дапамогай у многіх патрэбах.

Будзем жа пабожнымі, будзем жа ўдзячнымі такім незвычайным апекунам. Аддзячым ім любою, будзем шанаваць іх, як умеем, наколькі павінны. Аднак уся нашая любоў, уся пашана няхай будзе скіравана да Таго, ад Каго таксама мы, як і яны, атрымалі ласку любові і пашаны, праз што самі заслугоўваем пашаны і любові.

У Ім мы горача любім Яго анёлаў як нашых сяброў у будучыні, цяпер жа правадыроў і апекуноў, дадзеных нам і прызначаных Айцом. Бо цяпер мы сыны Божыя, хоць яшчэ не бачна гэта ўпоўні, бо дагэтуль мы з’яўляемся дзецьмі, падпарадкаванымі апекунам і выхавацелям, нібы ні ў чым не адрозніваючыся ад нявольнікаў.

І дарэчы, хоць з’яўляемся слабымі дзецьмі, і хоць чакае нас доўгая дарога, і не толькі доўгая, але таксама небяспечная, чаго ж нам баяцца, калі нас ахоўваюць такія вялікія ахоўнікі? Не могуць паддацца ворагам, ні заблукаць, ні тым больш схібіць тыя, хто нас сцеражэ на ўсіх нашых дарогах. Яны верныя, разважлівыя і магутныя – чаго ж нам баяцца? Каб толькі мы ішлі за імі, прыхінуліся да іх, і тады будзем трываць заўсёды пад апекаю Бога нябёсаў.

Св. Бернард