Любасныя! Вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой, але наколькі вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесяліцеся.
Калі зьневажаюць вас за імя Хрыстовае, дык вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце. Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога; а калі як хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю. Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму? І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца? Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму як праўдзіваму Творцу душы свае, робячы дабро.
Пастыраў вашых умаўляю я, супастыр і сьведка цярпеньняў Хрыстовых і саўдзельнік у славе, якая павінна адкрыцца: пасьвіце Божы статак, які ў вас, наглядайце за ім ня з прынукі, а з ахвоты і богаспадобна, ня дзеля гнюснай карысьлівасьці, а з руплівасьці, і не пануючы над спадчынай Божай, а даючы прыклад статку, – і калі зьявіцца Пастыраначальнік, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы.
Таксама і малодшыя, будзьце паслухмяныя пастырам; а ўсе, скараючыся адно аднаму, набярыцеся пакорлівай мудрасьці, таму што Бог ганарыстым працівіцца, а пакорным дае ласку.
(1 Пт. 4, 12 – 5, 5)