Паходзіў з заможнай копцкай сям’і, атрымаўшы добрае рэлігійнае выхаваньне. Каля 20 году жыцьця пасьля сьмерці бацькоў стаў выхаваўцам малодшай сястры. Пад уплывам слоў з Евангельля пра багатага юнака (Мц 19, 21) вырашыў цалкам пасьвяціць сваё жыцьцё Богу. Забясьпечыўшы далейшы лёс сястры, прадаў рэшту маёнтка бедным, а сам адправіўся на пустэлю і аддаўся там малітве і посту (асабліва разважаньням Сьвятога Пісьма).
Карыстаўся вялікай любоўю навакольных жыхароў. Яго называлі Тэафілам (любым Богу). Спакусы апаноўваў малітвай і суворай аскезай. Каб пазьбегнуць марнай людзкой славы, уцёк у Лівійскую пустэльню і закрыўся там у старым склепе. Бачачы такое пабожнае жыцьцё, вакол яго пачалі гуртавацца самотнікі, было іх каля 6 тыс.
Пустэльнік Антон быў сярод іх як духоўны айцец і прыклад жыцьця. Меў дар чыніць цуды і выганяць шатана. Але час ад часу мусіў аддаляцца ад тлуму ў пустэльню, каб маліцца і змагацца на самоце.
У 311 годзе адправіўся ў Александрыю, каб несьці дапамогу перасьледаваным хрысьціянам, будучы гатовым на мучаніцтва. Пасьля зноў аддаліўся ў пустэльню і там атрымаў дар прадказаньня будучыні. Цешыўся вялікаю славай сярод людзей за сваю мудрасьць. Верагодна ў 334-335 годзе адправіўся ў Александрыю па запрашэньні біскупа сьв. Атанасія (памяць 18 студзеня), каб змагацца з арыянствам. У вельмі сталым ужо ўзросьце наведаў сьв. Паўла Тэбаідзкга, першага пустэльніка.
Захаваліся лісты сьв. Антона да манахаў. Ён лічыў, што кожны павінен ісьці да дасканаласьці сваёй дарогай. Вельмі дапамагае на гэтым шляху чытаньне і разважаньне Сьвятога Пісьма.