Браты, ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакусы, а несправядлівых захаваць на пакараньне ў дзень суду, а перадусім тых, што ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што адважваюцца блявузгаць на хвалу (нябесную), у той час як анёлы, большыя іх сілай і моцай, не адважваюцца перад Госпадам даваць ім асуджэньня.
Яны, як неразумныя жывёлы, прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і ўбой, ліхасловяць тое, што не разумеюць, ды ў сапсуцьці сваім пагінуць, яны атрымаюць помсту за беззаконьне. За асалоду ўважаюць яны штодзённую распусту, як сарамотнікі і агіднікі шукаюць асалоды ў сваіх брудных раскошах, банкетуючы з вамі. Вочы іхнія поўныя чужалоства і няспыннага грэху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іхнія апанаваныя хцівасьцю, яны — сыны праклёну; зыйшоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама, сына Басора, які ўзьлюбіў плату за несправядлівасьць, але быў пакараны за сваё злачынства: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала дурасьць прарока.
Яны — крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры. Узьнёсла і пуста гаворачы, зводзяць пажаданьнямі цялеснымі і распустай тых, што ледзь толькі ўцяклі ад пражываючых у аблудзе, абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі сапсуцьця; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
Бо калі хто ўцёк ад брыдотаў сьвету праз пазнаньне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, а потым зноў захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія. Лепш было б ім дарогі справядлівасьці ня ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенай ім сьвятой запаведзі. Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: “Сабака вяртаецца на ваніты свае, і: памытая сьвіньня ідзе качацца ў балоце”. (2 Пт. 2, 9-22)