4 лютага – памяць сьв. Ісідара Пелусійскага Сьвяты Ісідар нарадзіўся ў Александрыі ў Егіпце. Там ён …

4 лютага – памяць сьв. Ісідара Пелусійскага

Сьвяты Ісідар нарадзіўся ў Александрыі ў Егіпце. Там ён здабыў грунтоўныя веды ў Сьвятым Пісаньні і сьвецкіх навуках. Пазьней пакінуў сваю маёмасьць і сьвецкія ўцехі, каб распачаць манаскае жыцьцё. Стаў ігуменам манастыра каля Пелусіёту і атрымаў сьвятарскія сьвячаньні.

Напісаў каля 3 тыс. лістоў, з якіх захавалася каля 2 тыс., якія сьведчаць пра ягоную асобу, багаслоўскае і класічнае выхаваньне. Сьвяты Ісідар у лістах зьвяртаўся да сьвецкіх і царкоўных уладаў, да прыватных асобаў. У гэтым ліставаньні пераважаюць лісты, зьвязаныя з біблійнай, маральна-аскетычнай і манаскай тэматыкай.

Дзякуючы свайму малітоўнаму жыцьцю, праз свае лісты ён асьвячаў і выхоўваў увесь сьвет, навяртаў грэшнікаў, падтрымліваў справядлівых, даступна тлумачыў месцы Сьвятога Пісаньня, пра якія прасілі яго тыя, хто яму пісаў. Такое сьвятое і мілае Богу жыцьцё скончыў у глыбокай старасьці каля 435 г.