Евангелле дняАдразу, калi Ісус яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзiн з дванаццацi, i з iм мноства лю…

Евангелле дня

Адразу, калi Ісус яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзiн з дванаццацi, i з iм мноства людзей з мячамi i каламi, ад першасвятароў i кнiжнiкаў i старэйшын. А той, хто выдаваў Яго, даў iм знак, кажучы: каго я пацалую, Той i ёсць, вазьмiце Яго i вядзiце пільна. I, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго i кажа: “Равві, Раввi!” I пацалаваў Яго. А яны ўсклалi рукi свае на Яго i ўзялi Яго. Адзiн жа з тых, што стаялi тут, дастаў меч, ударыў раба першасвятаровага i адсек яму вуха. I, звярнуўшыся да іх, Iсус сказаў: “Быццам на разбойнiка выйшлi з мячамi i каламi ўзяць Мяне? Штодня бываў Я з вамі ў храме, навучаючы, i вы не ўзялi Мяне; але няхай збудуцца Пiсанні”. І, пакiнуўшы Яго, усе паўцякалi. I адзiн юнак, накiнуўшы палатно на голае цела, ішоў за Iм; i юнакі хапаюць яго. Ён жа, пакiнуўшы палатно, голы ўцёк ад iх.

I прывялi Iсуса да першасвятара; i збіраюцца да яго ўсе першасвятары i кнiжнiкi, i старэйшыны. I Пётр зводдаль услед за Iм iшоў аж усярэдзiну двара першасвятаровага, i сядзеў са слугамi i грэўся каля агню. А першасвятары i ўвесь сiнедрыён шукалi сведчання супраць Iсуса, каб аддаць Яго на смерць, i не знаходзiлi. Бо многiя лжыва сведчылi супраць Яго, але сведчаннi іх не супадалi. I некаторыя, устаўшы, iлжыва сведчылi супраць Яго, кажучы: “Мы чулi, як Ён казаў: “Я разбуру храм гэты рукатворны i праз тры днi ўзвяду iншы, нерукатворны”. Але i так сведчанне iх не супадала. Тады першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаў Iсуса, кажучы: “Не адказваеш нiчога? Што яны супраць Цябе сведчаць?” Ён жа маўчаў i нiчога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго i кажа Яму: “Цi Ты Хрыстос, Сын Блаславёнага?” Iсус жа сказаў: “Я. І вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзiць праваруч сiлы i прыйдзе на воблаках нябесных”. Першасвятар жа, разадраўшы адзенне сваё, кажа: “Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках? Вы чулi хуленне: як вам здаецца?” Яны ж усе прысудзілi, што Ён варты смерцi. I пачалi некаторыя пляваць на Яго i, закрываць Яму твар, і біць Яго, i казаць Яму: “Прароч”. I слугi бiлi Яго па шчоках.

I калi Пётр быў на двары ўнiзе, падыходзіць адна са служанак першасвятара i, убачыўшы, як Пётр грэецца, углядзелася ў яго i кажа: “І ты быў з Назаранiнам Iсусам”. Ён жа адрокся, кажучы: “Не ведаю i не разумею, што ты гаворыш”. I выйшаў адтуль на пярэднi двор; i заспяваў певень. I служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялi тут: “Гэты з iх”. Ён жа зноў адракаўся. I неўзабаве зноў тыя, што стаялі там, казалi Пятру: “Сапраўды ты з іх, бо ты галiлеянiн, i гаворка твая падобная”. Ён жа пачаў клясціся i бажыцца: “Не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце”. I другi раз заспяваў певень. I ўспомнiў Пётр слова, якое сказаў яму Iсус: “Перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы”. I пачаў плакаць.

I адразу ранiцай зрабiлi нараду першасвятары са старэйшынамi i кнiжнiкамi, i ўвесь сiнедрыён, i, звязаўшы Iсуса, павялi i аддалi Пiлату. (Мр.14,43-15,1)