У той час Госпад, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Елеонскую; і следам за Ім пайшлі вучні Яго. Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: “Маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу”. І Сам адступіў ад іх на адлегласць кінутага каменя, і, стаўшы на калені, маліўся, кажучы: “Ойча! Калі хочаш, пранясі чашу гэтую міма Мяне! Аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе”.
І, устаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў, Ён знайшоў, што яны спяць ад смутку, і сказаў ім: “Што спіце? Устаньце і маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу”.
Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп, і той, каго звалі Юда, адзін з дванаццаці, ішоў паперадзе, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён даў ім такі знак: “Каго я пацалую, Той і ёсць”. Ісус жа сказаў яму: “Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?” Тыя, што былі з Ім, бачачы, да чаго ідзе, сказалі: “Госпадзе! Ці не ўдарыць нам мячом?” І адзін з іх ударыў першасвятаровага раба і адсек яму правае вуха. На гэта Ісус сказаў: “Пакіньце, хопіць”. І, дакрануўшыся да вуха яго, ацаліў яго.
Сказаў жа Ісус першасвятарам, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам, якія сабраліся супраць Яго: “Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне? Штодня бываў Я з вамі ў храме, і вы не паднялі рук на Мяне; але гэта – ваша гадзіна і ўлада цемры”. І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара.
Пётр жа ішоў следам здалёку. Калі ж яны расклалі агонь пасярод двара і селі разам, сядзеў і Пётр паміж імі. І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзеў пры агні, і прыгледзеўшыся да яго, сказала: “І гэты з Ім быў”. Але ён адрокся ад Яго, кажучы: “Жанчына, я не ведаю Яго”. І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: “І ты з іх”. Але Пётр сказаў: “Чалавеча, не”. І, як прайшло каля адной гадзіны, нехта іншы настойваў, кажучы: “Сапраўды і гэты з Ім быў, бо ён Галілеянін”. Але Пётр сказаў: “Чалавеча, я не ведаю, што ты гаворыш”. І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень. І, абярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра; і ўспомніў Пётр слова Гасподняе, як Ён сказаў яму: “Перш чым заспявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы”. І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
А людзі, якія трымалі Ісуса, насміхаліся з Яго і білі; і, накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго, кажучы: “Прароч, хто ўдарыў Цябе?” І многа іншых хуленняў гаварылі супраць Яго. І калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа і першасвятары, і кніжнікі, і прывялі Яго ў сінедрыён свой і сказалі: “Ці Ты Хрыстос? Скажы нам”. Ён жа сказаў ім: “Калі Я скажу вам, вы не паверыце; а калі і спытаюся ў вас, не адкажаце Мне і не адпусціце; адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай”. І сказалі ўсе: “Дык Ты – Сын Божы?” Ён жа сказаў ім: “Вы кажаце, што Я”. Яны ж сказалі: “Якое нам яшчэ трэба сведчанне? Мы ж самі чулі з вуснаў Яго!” І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата. (Лк. 22, 39-42. 45 – 23, 1)