Святы мучанік Нічыпар жыў у горадзе Антыёхіі Сірыйскай. У гэтым жа горадзе жыў таксама прэсвітар Сапрыкій, з якім Нічыпар быў вельмі дружны, так што іх лічылі за родных братоў.
Па варожай падмове яны пасварыліся, і ранейшую любоў змяніла варожасць і нянавісць. Праз некаторы час Нічыпар прыйшоў у сябе, раскаяўся ў сваім граху і не раз прасіў праз сваіх сяброў прабачэння ў Сапрыкія, але той не хацеў дараваць яму. Тады Нічыпар сам прыйшоў да свайго былога сябра і горача прасіў прабачэння, але Сапрыкій быў няўмольны.
У гэты час імператарамі Валерыянам (253 – 259) і Галліенам (260 – 268) было пачата ганенне на хрысьціянаў, і адным з першых стаў перад судом прэсвітар Сапрыкій. Ён цвёрда вызнаў сябе хрысціянінам, знёс катаванні за сваю веру і быў прысуджаны да смерці праз засячэнне мячом. Калі яго вялі на пакаранне, Нічыпар са слязамі маліў аб прабачэнні, называючы яго святым мучанікам, які хутка паўстане перад Госпадам і ўспрыме вянец ад Яго.
Але прэсвітар Сапрыкій зацвярдзеў сэрцам і нават перад смерцю не захацеў дараваць свайму брату-хрысціяніну. За гэта Госпад адняў ад Сапрыкія Сваю ласку, якая умацоўвала яго падчас перанясення пакутаў, і ён, ужо амаль дасягнуўшы блаславёнага канца свайго подзвігу, раптам спалохаўся смерці і пагадзіўся прынесьці ахвяру ідалам.
Дарэмна святой Нічыпар ўгаворваў са слязамі Сапрыкія, каб ён не губіў сябе адрачэннем, стоячы на парозе Валадарства Нябеснага. Тады святы Нічыпар сказаў катам: “Я хрысціянін і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якога зрокся Сапрыкій. Пакарайце смерцю мяне замест Сапрыкія”. Тут жа каты данеслі пра гэта правіцелю. Прыйшоў загад: Сапрыкія адпусціць, а замест яго засекчы мячом Нічыпара. Так прыняў пакутніцкі вянец святы Нічыпар.
Пакутнік Нічыпар, ты ўсім паказаў яўна, што хто не любіць бліжняга, не можа любіць Уладара. Ахоплены Боскім жаданнем, ты душу сваю паклаў, вызнаўшы веру ў Хрыста. Будучы цяпер разам з Ім, маліся за збаўленне душаў нашых.