Прыйдзіце, верныя, уславім грамаду святых айцоў, Антонія Вялікага, светлага Яўтымія, і з імі ўсіх іншых духоўных грамадзян новага раю. Усклікнем: “Вось дрэвы, якія насадзіў Бог наш; яны прарасцілі плады жыцця вечнага, прынеслі іх Хрысту і кормяць душы нашы”. Дык будзем прасіць іх: “Баганосныя блаславёныя айцы, маліцеся за збаўленне наша”.
Хто з тых, што нарадзіліся на зямлі, зможа расказаць вашы цудоўныя жыцці, сусветныя айцы? Які язык здольны ўславіць вашыя духоўныя подзвігі, практыкаванні ў дабрадзейнасцях, умярцьвленне цела, змаганне з пажаданнямі ў нядрэмнасці, у малітвах, у слёзах? Вы на свеце жылі, быццам анёлы, перамогшы бесаўскія сілы, чынячы цудоўныя і вялікія знакі. Дык маліцеся цяпер за нас, блаславёныя, каб нам атрымаць вечную радасць.
Ачысцім, браты, ад усякай брыдоты нашыя целы і душы, запалім свечы душаў нашых полымем любові да ўбогіх, і не будзем больш абмаўляць адзін аднаго: бо вось настаў час, калі Жаніх прыходзіць даць кожнаму паводле ўчынкаў яго. Дык увойдзем разам з мудрымі дзевамі да Хрыста, і ўсклікнем, як некалі разбойнік: “Успомні нас, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё”.