Кірыла, слаўны настаўнік, ты ўчыніў славянаў здольнымі аддаваць падзяку Богу на роднай мове, калі ты…

Кірыла, слаўны настаўнік, ты ўчыніў славянаў здольнымі аддаваць падзяку Богу на роднай мове, калі ты пераклаў з грэцкай мовы на славянскую Закон Гасподні і навучыў іх Божых праўдаў. Дзеля гэтага сёньня славянскія народы шануюць памяць тваю і радасна славяць Госпада.

Той, хто паказаў некалі Якубу лесьвіцу, што вядзе да неба, даў пазнаць табе, Кірыла, калі ты яшчэ быў юнаком, найпрыгажэйшую з усіх дзеваў, і ў дзівосным сьне заручыў цябе з ёю. Гэта была Мудрасьць, што стаіць перад Боскім пасадам: яна ўмацавала цябе ў любові да Усявышняга.

Добры настаўнік наш Кірыла, ціхі суразмоўца сьвятых, сэрца поўнае спагады і веліч розуму, ты крынічыў словы, больш салодкія за мёд, калі, як другі Павал і вучань Пятра, у чыім месьце ты захацеў супачыць, ты праходзіў розныя краіны. Успомні нас, грэшных, перад Госпадам, і малітвамі тваімі збаўляй нас.