Сьвяты Анісім жыў у Калосах у Фрыгіі (Малая Азія), быў вучнем апостала Паўла. Імя Анісім з грэцкай мовы азначае «той, што прыносіць карысьць».
У маладосьці Анісім быў нявольнікам у доме заможнага жыхара Калосаў сьв. Філімона (памяць 22 лістапада), да якога адрасаваны ліст сьв. апостала Паўла ў Новым Запавеце. У лісьце ён просіць Філімона прабачыць Анісіму ягоныя ўцёкі, якія ў той час паводле рымскага права сувора караліся. Дзякуючы сьв. Паўлу, Філімон прыняў хрысьціянства падчас эфэскай дзейнасьці апостала (Дз 19, 10). Павел просіць за Анісіма, каб Філімон прыняў яго не як нявольніка, а як любага брата (Філ 6, 18), паколькі ўцякач таксама стаў ужо хрысьціянінам, дзякуючы апосталу падчас яго знаходжаньня ў вязьніцы ў Рыме, адкуль і быў адпраўлены ліст Філімону.
Анісім дапамагаў абодвум апосталам, а пасьля іхняе сьмерці стаўся верагодна біскупам Эфесу.
У часы Траяна (98-117) ён быў арыштаваны і выданы рымскаму суддзі Тэртулу, які пасьля 18 дзён увязьненьня адаслаў яго ў Путэолі, недалёка Неапаля ў Кампаніі (Італія). Праз некаторы час Тэртул сам прыбыў туды і пабачыў, што Анісім і далей трывае ў веры і многіх жыхароў навярнуў у хрысьціянства. Тады ён загадаў біць яго розгамі і адцінаць яму часткі цела. Падчас гэтых катаваньняў мучанік сканаў.
Памёр сьв. Анісім каля 90 году.