Бог мудрасьцю заснаваў зямлю, розумам нябёсы ўмацаваў. За Ягоным веданьнем бездані адчыніліся, хмары расу пралілі.
Сыне, беражы розум і разважлівасьць: няхай не зьнікаюць яны з вачэй тваіх, і яны будуць жыцьцём душы тваёй, аздобаю каштоўнаю на шыі тваёй. Тады будзеш хадзіць бясьпечна дарогаю тваёю і нага твая не спатыкнецца. Калі сядзеш спачыць, ня будзеш баяцца нічога; калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. Ня будзеш знаць раптоўнага страху, ані напасьці, што на крывадушных находзіць. Бо Госпад будзе тваёй надзеяй, і Ён зьберажэ нагу тваю ад пасткі.
Не затрымлівай дабра таму, каму яно належыць, калі рука твая здолее тое зрабіць. Не кажы бліжняму: “Ідзі сабе, прыйдзі пасьля, заўтра дам”, – калі можаш даць зараз. Ня кнуй зла на твайго бліжняга, калі ён з табою прабывае ў давер’і. Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён табе зла не ўчыніў.
Не зайздросьць крыўдзіцелю і не пераймай ягоных паводзінаў, бо Госпад брыдзіцца двудушным, а з верным дружыць. Праклён Гасподні на доме злога, а жыльлё праведніка Ён бласлаўляе. З насьмешнікаў Госпад сьмяецца, пакорным дае ласку. (3:19–34)