Чалавек даў імёны ўсім жывёлам, і ўсім птушкам нябесным, і ўсім зьвярам польным; але для чалавека не знайшлося памочніка, падобнага яму. І напусьціў Госпад сон на мужчыну, і той заснуў. І ўзяў ад яго адно з рэбраў, а месца тое запоўніў целам. І зрабіў Бог з рэбра, якое ўзяў у мужчыны, жанчыну. І калі Ён прывёў яе да мужчыны, мужчына сказаў: “Гэта косьць з маёй косьці і цела з майго цела. Будзе яна звацца жанчынай, бо была ўзятая з мужчынчы. Дзеля гэтага мужчына пакіне бацьку свайго і маці сваю і прыстане да сваёй жонкі так, што яны будуць адным целам”. І былі яны абое, мужчына і ягоная жонка, голыя, але не адчувалі сораму.
А вуж быў найхітрэйшым з усіх зьвяроў на зямлі, якіх Бог стварыў. І кажа вуж жанчыне: “Ці праўда, што Бог сказаў: ня ешце ад ніякага райскага дрэва?” Жанчына адказала вужу: “Ад кожнага райскага дрэва можам есьці, толькі пра плод дрэва, што ў сярэдзіне саду, Госпад загадаў: «Ня ешце яго, і не дакранайцеся да яго, каб не памерлі»”. І кажа вуж жанчыне: “Не памрэце! Бог ведае, што ў хвіліну, калі пакаштуеце плоду ад гэтага дрэва, вочы вашы адчыняцца і будзеце як Бог ведаць дабро і зло”.
Жанчына бачыла, што дрэва мае добрыя для ежы плады, і выгляд яго прывабны, а плады яго прыгодныя да пазнаньня. І, узяўшы плод, пакаштавала і дала мужу свайму, які быў з ёю, і ён еў. І вось адчыніліся іхнія вочы і яны ўбачылі, што былі голыя. Тады сплялі яны сабе з фігавых лістоў паясы. І вось пачулі яны голас Госпада Бога, які хадзіў па раі ў поўдзень; і схаваліся Адам і ягоная жонка ад твару Госпада Бога сярод дрэваў саду.
І паклікаў Госпад Бог мужчыну, кажучы: “Дзе ты?” А той адказаў Яму: “Я чуў, як Ты хадзіў па садзе і спалохаўся, бо быў голы, і схаваўся”. Бог кажа яму: “Хто сказаў табе, што ты голы? Ці часам ты ня еў плоду ад дрэва, ад якога Я табе забараніў есьці?” І кажа мужчына: “Жанчына, якую ты мне даў, тая мне дала ад таго дрэва, і я еў”. І кажа Госпад Бог жанчыне: “Што гэта ты зрабіла?” Жанчына кажа: “Вуж спакусіў мяне і я ела”.
Кажа Госпад Бог вужу: “Паколькі ты гэта ўчыніў, пракляты ты сярод усіх зьвяроў польных: на грудзях тваіх і жываце будзеш поўзаць і есьці зямлю праз усе дні жыцьця твайго. І пакладу варажнечу між табою і між жанчынаю, і між семем тваім і семем яе: яно сатрэ галаву тваю, а ты сатрэш пяту яго”.
А жанчыне кажа: “Памножу бязьмерна цяжкасьці цяжарнасьці тваёй, у болях будзеш радзіць дзяцей, будзеш накіроўваць жаданьні твае да мужа твайго, і ён будзе панаваць над табою”. А мужчыне сказаў: “Паколькі ты паслухаўся жонкі тваёй і еў з дрэва, з якога Я забараніў, кажучы: «Нельга табе з яго есьці», праклятая хай будзе зямля праз цябе; з цяжкасьцю будзеш здабываць пражыцьцё з яе праз усе дні жыцьця твайго. Церне і асот будзе яна радзіць, а тваёй стравай будуць польныя расьліны. У поце твару твайго будзеш есьці хлеб твой, аж пакуль не вернешся ў зямлю, з якой быў узяты: бо зямля ты і ў зямлю вернешся”. І даў мужчына імя жонцы сваёй “Эва” (Жыцьцё), бо яна сталася маці ўсіх